Інфляцыя ўтрымліваецца на ўзроўні 17%. Урад шукае шляхі залагодзіць крызіс.
На дадзены момант выхад бачыцца ў запаволенні росту цэн. Парламент падрыхтаваў два законапраекты, скіраваныя на заніжэнне выдаткаў на энергію і ацяпленне ў Польшчы. Дакументы чакаюць цяпер на подпіс прэзідэнта. Учора вечарам парламент скончыў працу над адпаведнымі законапраектамі. Першы праект тычыцца замарожвання коштаў на электраэнергію, другі - размеркавання вугалю мясцовымі органамі ўлады па фіксаванай цане.
Сейм прыняў падрыхтаваны ўрадам праект замарожвання коштаў на энерганосьбіты ў 2023 годзе для хатніх гаспадарак, а таксама ўразлівых кліентаў (бальніц, школ і г.д.), а таксама малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Для іх прадугледжаны тарыф на электраэнергію на ўзроўні 2022 года.
Гэта рэакцыя ўладаў на рост цэн. У мінулым месяцы ў Польшчы інфляцыя падскочыла да 17,2%. Павал Муха з праўлення Нацыянальнага банка Польшчы заявіў, што вайна ва Украіне і пандэмія Covid-19, на яго думку, з'яўляюцца двума асноўнымі фактарамі, якія выклікалі рост інфляцыі. У эфіры Польскага радыё адмысловец заявіў, што, паводле ацэнак НБП, знешнія фактары абумоўліваюць 3/4 павялічэння інфляцыі.
- Вайна ды эпідэмія змянілі сітуацыю. Трэба сказаць, што вонкавыя чыннікі найбольш уплываюць на сітуацыю з ростам інфляцыі. Унутраныя чыннікі ўздзейнічаюць толькі на на адну чацвёртую.
Павал Муха таксама сказаў, што найбольш распаўсюджаныя прагнозы прадказваюць нязначнае павелічэнне інфляцыі ў гэтым годзе і ў першым квартале наступнага году. Затым інфляцыя будзе паступова зніжацца і ў канцы наступнага года паказчык будзе адназначным. Каб так сталася, зазначаюць эканамісты, урад павінен паклапаціцца аб захаванні стабільнасці дзяржаўных фінансаў у цяжкія 2023-24 гады.
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заяўляе, што гэта ёсць сярод прыярытэтаў ураду.
- Клопат пра бюджэт, пра фінансы дзяржавы, ад якіх залежыць наша сацыяльная палітыка, інвестыцыі, будзе гарантыяй стабільнасці ў будучыні. Хаця крызіс вакол наш бачны, закранае ўсе дзяржавы Еўропы, мы думаем пра тое, каб забяспечыць Польшчы ранейшыя тэмпы развіцця пасля выхаду з крызісу.
Для пераадолення крызісу польскі ўрад рыхтуе таксама праграму падтрымкі інвестыцый. Асноўныя сродкі пойдуць праз органы мясцовага самакіравання, заявіла Маршалак Сейму Альжбета Вітэк. Урад клапоціцца пра тое, каб кожны паляк меў права на аднолькавыя магчымасці развіцця.
- Наш урад ніколі не дзяліў палякаў, органы мясцовага самакіравання на нашых ды іншых. Грошы трапляюць ва ўсё краіне. Мы заўсёды казалі, што гэта ўсе нашы грамадзяне. Кожны паляк мае аднолькавыя шансы на развіццё.
Нагодай для аптымізму сталі вынікі ў сельскай гаспадарцы ды прамысловасці. Летась Польшча экспартавала харчоў амаль на 40 мільярдаў еўра, а за апошнія месяцы польскі экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі перавысіў 30 мільярдаў еўра. Віцэ-прэм'ер Генрык Кавальчык запэўніў, што ў Польшчы харчовая бяспека. У 1-й праграме Польскага радыё ён падкрэсліў, што наша краіна з'яўляецца буйным сельскагаспадарчым вытворцам і мае значныя лішкі харчаванняю
- Вытворцы перажываюць больш пра тое, што могуць нешта не прадаць з-за вялікага ўраджаю. На прыклад яблыкі, ды іншыя тавары ў нас празмерная колькасць. Цэны выраслі, але гэта звязана з ростам коштаў на энергію, з вайной. Што тычыцца колькасці, тут мы абсалютна ў бяспецы.
У сваю чаргу Еўрапейская камісія паведаміла, што ў Польшчы назіраецца павелічэнне паказчыка настрояў у эканоміцы, у кастрычніку ён вырас да 88,6 пункта са 100 магчымых.
Юры Ліхтаровіч