Беларуская Служба

Расійскі экспарт вырас пасля ўварвання ва Украіну

02.11.2022 11:15
Некаторыя краіны павялічылі тавараабарот з Расіяй. Гаворка ідзе, між іншым, пра Турцыю і Кітай.
ЭкспартPhoto: echosystem/pixabay.com/CC0 Public Domain

Агульны кошт тавараў, экспартаваных Расіяй, павялічыўся пасля ўварвання краіны ва Украіну ў лютым бягучага года, паведамляе «New York Times». Нягледзячы на тое, што імпарт з большасці краін у Расію значна знізіўся, то некаторыя краіны павялічылі тавараабарот з Расіяй. Гаворка ідзе, між іншым, пра Турцыю і Кітай.

Паводле аналізаў дадзеных, рост расійскага экспарту ў асноўным звязаны з высокімі цэнамі на нафту і газ. І хоць расійская нафта прадаецца больш чым на 20 долараў за барэль танней, гэтага дастаткова, каб змякчыць наступствы міжнародных санкцый і рэцэсіі ў расійскай эканоміцы.

Дадзеныя паказваюць, што, нягледзячы на рэзкае падзенне закупак расійскай нафты краінамі ЕС, Кітай і Індыя ўзялі на сябе ролю асноўных пакупнікоў, набываючы каля 55 працэнтаў сыравіны, якую прадае Расія. У выніку тавараабарот Расіі з Індыяй складае ў тры разы большы, чым сярэдні за апошнія пяць гадоў. Кошт экспарту з Расіі павялічыўся на 430%, а імпарт скараціўся на 19%.

Тавараабарот з Расіяй – як экспартны, так і імпартны – вырас таксама ў выпадку Турцыі – на 198 працэнтаў і Кітая – на 64 працэнты.

Паводле газеты, нягледзячы на санкцыі і гандлёвыя абмежаванні, заходнім краінам цяжка замяніць таксама іншую ключавую сыравіну, у якой Расія з'яўляецца сусветным лідарам, у тым ліку прадукты, атрыманыя з жалеза, нікелю, пшаніцы або раслінных алеяў.

Сярод еўрапейскіх краін павелічэнне гандлю – нягледзячы на зніжэнне імпарту – Расія зафіксавала ў гандлі з Бельгіяй (81%), Іспаніяй (57%) і Нідэрландамі (32%).

Затое значна знізіўся абʼём гандлю Расіі з Вялікабрытаніяй (79%), Швецыяй (76%) і ЗША (35%). Нягледзячы на павелічэнне імпарту сыравіны з Расіі, падзенне кошту агульнага абʼёму гандлю са згаданай краінай зафіксавала таксама Германія (на 3%).

Паводле экспертаў, якіх цытуе «New York Times», сітуацыя ў Расіі пагоршыцца ў будучым годзе, калі еўрапейскія краіны працягнуць адыходзіць ад расійскіх энерганосьбітаў і ўступяць у сілу цэнавыя абмежаванні на расійскую нафту.

аз