Беларуская Служба

Палякі, нягледзячы на рост заробкаў, бяднеюць

24.11.2022 14:56
Сёлета ў кастрычніку сярэдняя занятасць у карпаратыўным сектары польскай гаспадаркі была на 2,4% вышэй, чым у кастрычніку 2021 года, і склала 6,5 млн. працоўных месцаў.
Sytuacja na polskim rynku pracy jest dobra.
Sytuacja na polskim rynku pracy jest dobra.Shutterstock/Kzenon

У Польшчы працягвае расці сярэдні заробак, аднак, з-за інфляцыі рэальныя даходы насельніцтва падаюць. Спецыялісты заяўляюць, што далейшая сітуацыя будзе толькі пагаршацца, пішуць на партале money.pl.

Як сцвярджаюць аналітыкі банку Pekao, сярэднямесячная заработная плата ў прадпрымальніцкім сектары ў кастрычніку 2022 года ў параўнанні з кастрычнікам 2021 года стала большай на 13% і склала 6687,92 злотых (брута). Аднак, з улікам інфляцыі ў 17, 9%, рэальныя даходы насельніцтва знізіліся за год на 5%. На думку аналітыкаў, у лютым гэты паказчык складзе нават 10%.

Сёлета ў кастрычніку сярэдняя занятасць у карпаратыўным сектары польскай гаспадаркі была на 2,4% вышэй, чым у кастрычніку 2021 года, і склала 6,5 млн. працоўных месцаў. У параўнанні з папярэднім месяцам сярэдняя занятасць павялічылася нязначна (на 0,1%).

Дадзеныя аб сярэднім заробку і занятасці адносяцца да сектару прадпрыемстваў з колькасцю супрацоўнікаў большай за 9 чалавек, за выключэннем, напрыклад, дзяржаўнага кіравання, адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі. Зазвычай у дзяржаўным сектары заробкі ніжэй, чым у прыватным.

Варта памятаць – пішуць на партале money.pl – гаворка ідзе пра штомесячныя справаздачы Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, якія адносяцца да 45 % працаўнікоў, занятых у 3% кампаній у краіне, а сам вынік раздуваецца прэміяльнымі галінамі цяжкай прамысловасці, дзе заробкі растуць хутчэй, чым у іншых прадпрыемствах і ўстановах.

эж