Беларуская Служба

Гаспадыня крамы з рэчамі на нацыянальную тэму: Мы хочам захаваць брэнд «Адметнасць», каб вярнуцца з ім у Беларусь

26.11.2022 11:03
Пасля падзей 2020 года гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» фактычна была разгромленая. Сям'я з'ехала, і вывезла з краіны сваю справу.
Аўдыё
  • Гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» працуе анлайн. Гаспадары спадзяюцца аднойчыц вярнуць сваю справу ў Беларусь.
            .
Гаспадары крамы тавараў з нацыянальным каларытам спадзяюцца аднойчы вярнуць сваю справу ў Беларусь.Фота з адкрытых крыніц.

Слухайце далучаны файл!

Вольга і Сяргей Верамеенкі цяпер жывуць у Беластоку. Яны гарадзенцы. У Беларусі сям’я мела свой бізнес – краму з нацыянальным адзеннем, сувенірамі на нацыянальную тэму.
Аднак пасля падзей 2020 года гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі «Адметнасць» фактычна была разгромленая. Сям'я з'ехала, і вывезла з краіны сваю  справу.

Вольга Верамеенка згадвае, як паўставала іх сямейная справа ў Беларусі, і калі тавары з 6накцыянальным каларытам былі найбольш папулярныя.

– Гэта была мара майго мужа, Сяргея Верамеенкі, мець такую краму. У 2018 годзе нам прапанавалі памяшканне, якое падыходзіла для гэтых мэтаў. Аднак грошай не было, то пазычылі ў сяброў і адкрылі невялікую крамку на Кірава, 3 у цэнтры Грода. Аднак мы разумелі, што прыбытку вялікага не будзе. Гэта справа жыцця хутчэй, то, чым мы хацелі займацца.

Па словах Вольгі, «зорныя часы» крамы былі летам і восенню 2020 года, калі цікаўнасць да нацыянальнага была надзвычай вялікая. Продажы дазволілі ўрэшце разлічыцца з пазыкамі, якія былі яшчэ з моманту заснавання крамы.

Аднак пазней пільнасць уладаў да гаспадароў крамы трансфармавалася ў пераслед. У выніку праверак, вобшукаў, канфіскацый тавару крама зачынілася. Гаспадары з’ехалі з краіны.

Як цяпер ідуць справы ў «Адметнасці»? Падаецца, што з’ехалі акурат зацікаўленыя ў нацыянальных ідэях людзі, то тавары з беларускай нацыянальнай сімволікай мусяць карыстацца добрым попытам. Але не ўсё так проста:

– Падаецца, што людзей выехала шмат і гэта ўсім патрэбна. Але гэта не штодзённыя патрэбы. Гэта магніцік, сцяг, цішотка, якую ты набыў і карыстаешся гэтым працяглы час. Сюды прыязджаюць беларусы, якія збольшага ўцякаюць. Яны ўладкоўваюцца тут, пачынаюць новае жыццё, шмат страцілі ў Беларусі. Таму зрабіць з гэтага бізнес і жыць за кошт крамы пакуль немагчыма. Аднак мы не кідаем гэтай справы, вырашылі прадаць рэчы, якія ў нас заставаліся. Потым мы паглядзелі, што попыт ёсць, хоць і не надта вялікі. Я не магу сказаць, што ў нас вялікі прыбытак, мы зноў у пазыках, трэба ўкладаць грошы ў тавар. Але мы ведаем, што гэта трэба. Таму мы хочам нашу марку, нашу «Адметнасць» захаваць і падтрымаць, каб з ёй можна было вярнуцца ў Беларусь і працаваць.

Цікавы момант, Вольга распавяла, што польскае заканадаўства, а Верамеенкі жывуць цяпер у Беластоку, дазваляе прадаваць тавары на суму не больш за 1500 злотых у месяц (гэта каля 300 еўра) без рэгістрацыі. Вольга гаворыць, што яны ў гэтую лічбу ўкладаюцца. Аднак, калі справа пойдзе ўгару, то гаспадары маюць намер рэгістравацца як індывідуальныя прадпрымальнікі.

Вольга і Сяргей Верамеенкі. Вольга і Сяргей Верамеенкі.

На жыццё ж Верамеенкі зарабляюць іншай працай. Гаспадары крамы «Адметнасць» шмат што робяць самі – распрацоўваюць макеты, напрыклад, прынтоў для вопраткі, кубкаў і гэтак далей. Але і шмат што замаўляюць у майстроў, тым самым пашыраюць для іх магчымасць прадаць свае вырабы.

вх