Беларуская Служба

Рэцэсія, падзенне ВУП да 50 працэнтаў, беспрацоўе, цэны – як вайна адбіваецца на эканоміцы

08.12.2022 11:20
Аўдыё
     .
Разбурэнні ва Украіне як наступствы вайны.Shutterstock/Drop of Light

Беларуская эканоміка цяпер у рэцэсіі ВУП зніжаецца, санкцыі, побач ідзе вайна, высокія эканамічныя рызыкі, што адбіваецца на цэнах.

Эканаміст, палітык Леў Марголін гаворыць, што працэс рэцэсіі будзе цяжка спыніць і вайна ў суседняй краіне ўплывае на стан эканомікі ў Беларусі:

– Безумоўна, уплывае. Я б сказаў, можа, не наўпрост на ўсіх. Наўпрост на тых, хто меў прамы гандаль з Украінай. Бо яны страцілі рынак, шмат хто не мае сыравіны, якая адтуль паступала. Але для большасці ўплыў ускосны. Ён у тым, што ўведзеныя санкцыі, і нават калі санкцый няма, еўрапейскія пастаўшчыкі адмаўляюцца ад здзелак з беларусамі з маральна-этычных поглядаў, усё цяжэй рабіць грашовыя пераводы, І тое, што прывозілі з Заходняй Еўропы ў Беларусь, і траспарціроўка каштавала дзве тысячы еўра, цяпер трэба везці складанымі шляхамі і плаціць за гэта ў разы больш. Гэта ўплывае на канчатковы кошт тавараў. Безумоўна, уплывае і будзе доўга ўплываць. І нават пасля сканчэння вайны яшчэ будзе доўга ўплываць. Бо вайна можа скончыцца ў адзін дзень, а санкцыі больш працяглыя ў часе – і ўводзяцца і здымаюцца яны кансэнсусам. Калі хоць адна краіна будзе супраць, зняць іх не ўдасца. Думаю, што як мінімум бліжэйшыя пяць гадоў росту эканомікі чакаць не варта.

Што тычыцца інфляцыі, то гадавы рост коштаў у верасні склаў 17,4 %. Тэмпы росту інфляцыі застаюцца высокімі з-за парушэння вытворча-лагістычных і фінансавых ланцужкоў, а таксама недаацэненасці беларускага рубля да расійскага. Эканамісты даследчыцкага цэнтру BEROC дапускаюць, што адміністрацыйнае рэгуляванне цэнаў зможа па выніках года запаволіць інфляцыю да 14–16 %.

А вось стабільнасць беларускага валютнага рынку (абвалу курсу не здарылася цягам года) – гэта не вынік эканамічных поспехаў, а хутчэй адлюстраванне жорсткасці эканомікі, адзначае даследчыца цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна. Паводле яе высноў, умацаванне беларускага рубля да долара ЗША і еўра адбылося ў перыяд паскоранага скарачэння беларускага імпарту. У той жа час слабасць беларускай валюты да расійскага рубля цягне за сабой канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі на расійскім рынку. Валютныя рэзервы, хаця і недастатковыя, захаваліся ў памеры з-за нізкага попыту на замежную валюту і плацяжоў па знешняй запазычанасці ў беларускіх рублях. Парушэнне эканамічных і палітычных стасункаў з заходнімі краінамі стымулюе беларускія ўлады да пераарыентацыі эканомікі на ўсходніх партнёраў, што прывяло да змены складу валютнага кошыка. У доўгатэрміновай перспектыве цяперашняя стабільнасць беларускай валюты можа хутка знікнуць у выпадку рэалізацыі адной або некалькіх рызык. У выпадку дэвальвацыі расійскага рубля або пагаршэння гандлёвага балансу і росту попыту на замежную валюту стабільнасць абменнага курсу беларускага рубля можа быць разбурана.

Для Украіны, якая вядзе вайну, уплыў на эканоміку непараўнальна большы – траціна людзей без працы, падзенне ВУП да 50 працэнтаў, вялікая плынь міграцыі з краіны.

Так апісвае стан спраў кіраўнік Кіеўскай школы эканомікі Цімафей Мілаванаў.

– Ацэнкі беспрацоўя адрозніваюцца. Каля 30 працэнтаў працоўнай сілы сёння не задзейнічаныя, таму дзяржаўная падтрымка будзе і далей мець вырашальнае значэнне. Мы чакаем падзення ВУП. Можа, на 30 працэнтаў, а можа, і на 50 працэнтаў. Я думаю, што гэтая тэндэнцыя будзе расці і далей. У той жа час мы маем справу з ростам нефармальнай эканомікі, якую гэты паказчык не ахоплівае. Такім чынам, мы ўбачым падзенне афіцыйнага ВУП да неверагоднай ступені, але гэта часткова кампенсуецца падпольнай эканомікай.

Такія ацэнкі кіраўнік Кіеўскай школы эканомікі Цімафій Мілаванаў эксперт прадставіў падчас сустрэчы, арганізаванай Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.

IAR / вх