Беларуская Служба

Пандэмія і вайна ва Украіне не нашкодзілі прадпрыемствам у такой ступені, як можна было б спадзявацца

21.01.2023 13:12
Сайт forsal.pl распытаў саміх прадпрымальнікаў і аказалася, што іх меркаванні ў многім разыходзяцца са звесткамі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення.
Ілюстрацыйны здымак wutzkohphoto/ shutterstock

«Чатыры бедствы польскага бізнесу» прымусілі мікрапрадпрымальнікаў масава закрываць ІП, шукаць працу на стаўку або пераходзіць на пенсію, бо КІРАВАЦЬ фірмай У ГЭТЫХ УМОВАХ стала кашмарам – чуваць у Польшчы ўсё часцей. Як гэта выглядае на практыцы? – праверылі журналісты forsal.pl.

Першай са «смяротных бедстваў» была і ёсць пандэмія, другой – новы эканамічны парадак, а дакладней, блытаніна, уведзеная ўладамі пад назвай Польскі лад, трэцяй – вайна ва Украіне, чацвёртай – сукупнасць росту выдаткаў: шакавальны рост коштаў на паліва і энергію, інфляцыя.

Некаторыя эксперты папярэджваюць, што назапашванне гэтых з'яў неўзабаве разбурыць мноства прадпрыемстваў, асабліва самых маленькіх ІП. Сайт forsal.pl распытаў саміх прадпрымальнікаў і аказалася, што іх меркаванні ў многім разыходзяцца са звесткамі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення.

Журналісты forsal.pl вызначылі, што ў Польшчы змяншаецца доля (але не колькасць!) фізічных асобаў, якія вядуць бізнес і належаць да сектару мікрапрадпрыемстваў (працуюць да 9 чалавек). 

Шмат прадпрыемстваў (прыкладна на 30 працэнтаў больш, чым год таму) закрываюць сваю дзейнасць, але агулам усё больш адкрываюць яе. Мяняецца профіль прадпрыемстваў: на месцы 10 традыцыйных прадпрыемстваў (гандаль, гастраномія, гасцінічная індустрыя, пякарня, цырульні, таксі...) ствараецца 11 новых, усё больш звязаных з новымі прадуктамі і паслугамі, у першую чаргу ў сферы ІТ.

У Польшчы цяпер рэкордная колькасць і рэкордны адсотак бяздзейных прадпрыемстваў – практычна кожны сёмы прадпрымальнік прыпыніў дзейнасць, што можа сведчыць пра спробу перачакаць ліхія часы. За тое, стан дзеючых прадпрыемстваў значна палепшыўся і стаў нават лепшы, чым падчас пандэміі, лакдаўнаў і г.д., – менш субʼектаў мае даўгі, сума запазычанасці ў цэлым знізілася.

У якасці асноўнай крыніцы сваіх цяперашніх праблем і песімізму дзве траціны прадпрымальнікаў называюць «нявызначанасць агульнай эканамічнай сітуацыі ў Польшчы», на якую складаюцца «кошт занятасці», «невыразныя, непаслядоўныя і нестабільныя прававыя нормы» і «вялікая нагрузка дзяржаўных падаткаў і збораў».

яс