Беларуская Служба

Расія і Беларусь абыходзяць еўрапейскія санкцыі на экспарт драўніны

25.01.2023 11:03
У 2021 годзе выручка Беларусі ад продажу драўніны складала 1,37 млрд еўра.
Драўнінаkrzys16/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нягледзячы на санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да экспарту драўніны з Расіі і Беларусі, мільёны еўра ад незаконнага продажу гэтай сыравіны па-ранейшаму папаўняюць бюджэты Мінска і Масквы, паведамляе старонка wnp.pl.

Да гэтай пары попыт на драўніну ў ЕС задавальняўся ў асноўным за кошт імпарту з Беларусі і Расіі, але пасля агрэсіі супраць Украіны абедзве краіны апынуліся пад цэнзурай. Нарэшце, 2 сакавіка ўступіла ў сілу эмбарга ЕС на імпарт драўніны з Беларусі, а 10 ліпеня – з Расіі.

Эмбарга на згаданы экспарт вельмі жорсткае для абедзвюх краін, бо ў 2021 годзе выручка Беларусі ад продажу драўніны складала 1,37 млрд еўра, а Расіі – 3,12 млрд еўра. На абмежаваннях скарысталіся рэспублікі Цэнтральнай Азіі – Казахстан і Кыргызстан, прынамсі, афіцыйна, удакладняе старонка.
Гаворка ідзе пра тое, што геаграфічныя ўмовы Казахстана і Кыргызстана характарызуюцца нізкім узроўнем лясістасці (адпаведна – 1,3% і 6,9% тэрыторыі). Таму абедзве краіны цяжка назваць вядучымі экспарцёрамі драўніны. Між тым, паводле афіцыйных статыстыкаў, за апошнія месяцы продаж драўніны з абедзвюх рэспублік нечакана вырас на больш чым у 60 разоў.

Асноўнымі атрымальнікамі гэтай прадукцыі з'яўляюцца краіны ЕС – Латвія, Літва, Польшча, Германія і Данія (93% імпарту ў ЕС). Напрыклад, кошт польскага імпарту драўніны са згаданага напрамку вырас са 108 тысяч еўра ў 2021 годзе да больш чым 7 мільёнаў еўра ў перыяд з чэрвеня па лістапад 2022 года. Адкуль гэтыя павышэнні?

Паводле літоўскіх мытнікаў, большасць драўніны з Беларусі і Расіі атрымлівае фальшывыя казахскія і кіргізскія дакументы. Таксама латвійскія службы надоечы спынілі тры буйныя транспарты драўніны, у выпадку якіх узніклі сумненні ў адпаведнасці запісаў у дакументах з сапраўдным паходжаннем драўніны. Эксперты таксама звяртаюць увагу на тое, што кампаніі, якія гандлююць драўнінай пастаянна ўдасканальваюць спосабы фальсіфікацыі дакументаў.

Пра тое, што драўніна з Цэнтральнай Азiі, насамрэч паходзіць з Беларусі і Расіі звяртаюць таксама ўвагу няўрадавыя арганізацыі, якія лёгка вызначылі групу кампаній, якая па замове рыхтуе адпаведную, фальсіфікаваную дакументацыю грузу.

Цяжка чакаць ад уладаў у Мінску і Маскве, што яны загадаюць правесці расследаванне па гэтай справе. У гэтай сітуацыі эфектыўна адрэагаваць можа толькі Брусель, але на любыя патэнцыйныя крокі трэба будзе пачакаць, паведамляе старонка wnp.pl.

аз