За 11 месяцаў 2022 года кошт польскага экспарту ў Расію знізіўся амаль на 40 працэнтаў. Адначасова ён вырас у такія краіны, як Турцыя, Узбекістан і Арменія, паведамляюць аналітыкі Польскага эканамічнага інстытута ў выданні Tygodnik Gospodarczy PIE.
Паводле іх, экспарт у Турцыю павялічыўся на 45 працэнтаў, у Казахстан – на 35 працэнтаў, ва Узбекістан – на 74 працэнты, у Грузію – на 40 працэнтаў, у Арменію – ажно на 344 працэнты. Згаданыя краіны лічацца шляхамі ў абыход санкцый супраць Расіі. Таму, паводле аналітыкаў, дадзеныя могуць таксама сведчыць аб тым, што некаторыя кампаніі ў Польшчы ўдзельнічаюць у абыходзе заходніх санкцый.
Аналітыкі адзначаюць, што найбольш балючымі для расійскай эканомікі з'яўляюцца абмежаванні на продаж энергарэсурсаў і праблемы з закупкай тэхналагічных кампанентаў. У гэткай сітуацыі расійскі ўрад спрабуе стварыць новыя сеткі паставак для задавальнення патрэб сваёй эканомікі. Аналітыкі адзначылі, што некалькі краін значна павялічылі экспарт у Расію.
Найбуйнейшым пастаўшчыком у Расію зʼяўляецца Кітай. Значны рост паставак таксама адбыўся з Турцыі (на 130 працэнтаў у студзені-лістападзе мінулага года). Кошт экспарту вырас таксама ў выпадку краін, якія супрацоўнічаюць з Расіяй у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза: Беларусі, Казахстана, Кыргызстана i Арменіі.
«Дадзеныя аб гандлі сведчаць аб тым, што ў многіх выпадках гэта былі тавары, вырабленыя ў іншых месцах, а краіны з цеснымі гандлёвымі сувязямі з Расіяй служылі выключна, як спосаб у абыход санкцый», – заяўляюць аналітыкі Польскага эканамічнага інстытута.
Расія спрабуе таксама перанакіраваць пастаўкі энергарэсурсаў у Кітай і Індыю, што робіць гэтыя дзве краіны асноўнымі атрымальнікамі расійскай нафты.
Удараць па Расіі павінны цэнавыя абмежаванні на продаж нафтапрадуктаў. На думку экспертаў, тады перанакіраваць гэтую прадукцыю ў Кітай і Індыю будзе складаней, бо гэтыя краіны маюць уласную развітую нафтаперапрацоўчую прамысловасць. Цэнавы ліміт на нафту (60 долараў за барэль) азначае, што Расія вымушаная прадаваць сыравіну па больш нізкай цане.
Гэта, у сваю чаргу, мабілізацавала Расію шукаць спосабы на абыход згаданых санкцый. У тым ліку расіяне купілі сотні танкераў і стварылі незразумелую сетку суднаходных кампаній па ўсім свеце, а таксама пачалі прапаноўваць страхаванне, неабходнае для гандлю нафтай, каб замяніць еўрапейскія кампаніі, якія дамінуюць на гэтым рынку.
Нагадваем, краіны заходняй кааліцыі, у якую ўваходзяць ЗША, Аўстралія, Канада, Японія і 27 краін Еўрасаюза, 5 снежня мінулага года ўвялі цэнавы ліміт на расійскую нафту ў 60 долараў за барэль, а ЕС увёў эмбарга на імпарт расійскай нафты марскім шляхам. Гэтыя санкцыі адносна мала паўплывалі на сусветныя цэны.
З пачатку ўварвання Расіі ва Украіну Захад спрабаваў пагоршыць сітуацыю расійскай эканомікі, каб скараціць магчымасць фінансавання расійскай арміі.
аз