Беларуская Служба

Еўрасаюз рыхтуе аўтамабільную рэвалюцыю ў Еўропе

28.03.2023 15:32
Большасць еўрапейскіх краін паразумелася што да ўвядзення забароны на рэгістрацыю новых аўтаў з рухавікамі ўнутранага згарання ў ЕС з 2035 года.
Аўдыё
  • Еўропа развітваецца з дызелямі
      .
Заправачная станцыя для электрычных аўтамабіляў у Даніі. Ілюстрацыйны здымакEPA/Mads Claus Rasmussen DENMARK OUT Dostawca: PAP/EPA.

На змену цяперашнім «дызелям» прыйдуць машыны з электрычнымі рухавікамі альбо з рухавікамі на сінтэтычным паліве. Не ўсе ў Еўропе задаволеныя з гэтай рэвалюцыі.

На чале экалагічных перамен у Еўрасаюзе стаіць Еўрапарламент. Менавіта гэтая ўстанова летась прагаласавала за забарону на рэгістрацыю транспартных сродкаў з рухавікамі ўнутранага згарання з 2035 года. Шырэй гэта вынікае з стратэгі ЕС па дасягненні кліматычнай нейтральнасці.

14 лютага бягучага года Еўрапарламент зацвердзіў яшчэ больш жорсткія мэтавыя паказчыкі па скарачэнні CO2 для легкавых і грузавых аўтамабіляў. Новыя правілы прадугледжваюць нулявыя выкіды CO2 ў 2035 г. ЕС імкнецца скараціць выкіды CO2 ад транспарту на 100%, тады як яшчэ 2 гады таму планаваліся скарачэнні выкідаў на 55%.

Сёння ў Бруселі праходзіць сустрэча міністраў ЭЗ, адказных за пытанні энергетыкі. Чакаецца канчатковае зацвярджэнне большасцю галасоў пастановы аб забароне продажу новых эмісійных аўтамабіляў пасля 2035 года, перадае з Брусэля карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

- У ЕС больш няма блакіруючай меншасці, таму зацверджанне рашэння – справа часу. Супраць выступае Польшча, заяўляючы, што не можна абцяжарваць грамадзян коштамі, бо экалагічныя аўтамабілі будуць занадта дарагія, да таго ж у розных краінах ЕС розная інфраструктура. Апроч таго ЕС сёння прымае газавы пакет, і тут пануе згода. Новыя правілы закрануць фірмы, якія займаюцца захоўваннем газу, і дазволяць прыбраць расіян з еўрапейскага газавага рынку ў выпадку небяспекі. Таксама абмежаваным будзе запуск газаправодаў з трэцімі краінамі, як Nord Stream.

На думку еўрадэпутата ад польскай партыі «Права і Справядлівасць» Збігнева Кузьмюка, Еўрапейскі саюз праводзіць ідэалагічна матываваную кліматычную палітыку. Такім чынам ён вызначыў запланаваную забарону на продаж новых эмісійных аўтамабіляў. Збігнеў Кузьмюк у эфіры Польскага радыё 1 сказаў, што Польшча стварыла меншасць, якая блакіруе забарону, але немцы, якія былі ў гэтай групе, у апошні момант перадумалі.

- Нямеччына змусіла да прыняцця іх ідэі адносна абмежавання карыстання аўтаў з рухавікамі унутранага згарання пры ўмове, што яны будуць ездзіць на сінтэтычным паліве. Пакуль такога паліва няма, вядуцца толькі даследаванні, але менавіта нямецкія вучоныя блізкія да стварэння такога паліва. Гэта кампраметацыя пры рэалізацыі экалагічнай палітыкі з боку ЕЗ.

Іншага меркавання прытрымліваюцца шведскія палітыкі, якія кіруюць цяпер працамі ЕС. Стакгольм змог выпрацаваць за апошнія тыдні адзінае разуменне ў справе забароны на аўта з выхлапнымі газамі. Гаворыць міністр па энергетыцы Швецыі Эба Буш.

- Мы разумеем, што гэта цяжкая тэма для шматлікіх краін ЕС, але я рада, што большасць у Еўрасаюзе мае супольны погляд што да адмены аўтаў унутранага згарання. Перамовы былі складаныя, яшчэ некалькі тыдняў таму здавалася, што згоды не будзе. Цяпер я рада, што мы блізкія да прыняцця канчатковага рашэння.

Новыя мэты падтрымлівае Бельгія, разлічваючы, што гэта дасць штуршок у развіцці рынка электрычнай энергіі ў ЕС. Пра гэта казала ў Бруселі міністр энергетыкі гэтай краіны Цін Ван дэр Стратэн.

- Мы ўводзім новыя 15% скарачэнні на запатрабаванне на газ. Рынак на гэта востра рэагуе. Мы падтрымліваем газавы пакет і скарачэнні выкідаў. Мы разлічваем, што гэта дасць штуршок для развіцця рынку электрычнасці. Мы хочам, каб цана на электраэнергію для спажывальнікаў і для прамысловасці скараціліся. Гэта добры падмурак для далейшых пераўтварэнняў.

Для тых, хто супраць як Польшча, ЕС прапануе прыняцце газавага пакета і ўключэнне ў новы закон магчымасці перагляду норм пасля трох год рэалізацыі. Апроч таго Варшава разлічвае на падтрымку з боку ЕС у справе будаўніцтва малых ядзерных рэактараў, распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

- Ёсць група краін лічыць, якая лічыць, што патрэбная падтрымка з фондаў ЕС на распаўсюд тэхналогіі МЯР розных тыпаў і будаўніцтва сетак энергаперадач для новага сектара. Польшча лічыць, што развіццё малых ядзерных рэактараў павінна адбывацца на канкурэнтнай аснове пры выкарыстанні розных тэхналогіі. Варшава бачыць у малых рэактарах дапаўненне да маштабных ядзерных праектаў для прамысловай і камунальнай энергетыкі  ды вырабу вадароду.

У пытанні ядзернай энергетыкі Польшча можа разлічваць на падтрымку Францыі. Парыж таксама зацікаўлены ў развіцці мірнага атаму. Пра гэта казала ў Бруселі міністр энергетычных пераўтварэнняў Францыі Ан’ес Пан’ер-Рунашэр.

- У першую чаргу мы змаглі дасягнуць хаўрусу 14 краін вакол развіцця атамнай энергетыкі. Наша сумесная праграма працы засяроджваецца на паляпшэнні ланцугоў паставак, на інавацыях, і на пытаннях бяспекі. Гэта павінна дазволіць шэрагу кранам вызваліцца ад залежнасці ад паставак энергарэсурсаў з Расіі.

У сваю чаргу незалежныя эксперты кажуць, што змены ў энергетыцы ды на аўтамабільным рынку могуць быць не настолькі рэвалюцыйнымі. Новыя тэхналогіі змогуць уратаваць рухавікі ўнутранага згарання, кажа старшыня Польскай аўтамабільнай асацыяцыі Якуб Фарысь.

- Ідзецца не пра забарону рухавікоў унутранага згарання ў 2035, а пра новыя высокія аплаты для вытворцаў гэтых машын. Прамысловасць перастане іх вырабляць, замест іх масава з’явяцца аўтамабілі з электрычнымі ці вадароднымі рухавікамі. Але большасць экспертаў кажуць пра неабходнасць захаваць тэхналагічную нейтральнасць, а гэта дазваляе сінтэтычнае паліва, якое не вырабляецца з нафты, а прадукуецца штучна і пры згаранні не выдзяляе шкодных рэчываў.

Еўрасаюз развітваецца з рухавікамі ўнутранага згарання. У змаганні за больш экалагічную гаспадарку палітыкі імкнуцца да нуля скараціць выкіды СО2 з транспарту. Чакаецца, што на замену «брудным дызелям» прыйдуць электрычныя машыны. Адбудзецца гэта ў 2035 годзе. Аднак пытанне застаецца адкрытым. Сярод палітыкаў гучыць крытыка, што нельга перакідваць кошты пераўтварэнняў на людзей. З боку інжынераў гучаць меркаванні, што можна захаваць рухавікі ўнутранага згарання, трэба толькі замяніць паліва.

Юры Ліхтаровіч