Беларуская Служба

Польшча можа стаць найбуйнейшым вытворцам акумулятараў для электрамабіляў у Еўропе

30.03.2023 11:27
У краіне ўжо працуе больш за 60 заводаў, якія вырабляюць акумулятары для электрамабіляў.
Rynek aut elektrycznych dynamicznie się rozwija.
Rynek aut elektrycznych dynamicznie się rozwija. Shutterstock/Owlie Productions

Аб гэтым паведамляе нямецкая газета «Die Tageszeitung», - піша Niezalezna.pl. Яна таксама апісвае іншыя галіны, якія ў Польшчы могуць хутка развівацца. Акрамя таго, як адзначае выданне, нямецкія інвестары знаходзяць у Польшчы кваліфікаваных супрацоўнікаў, інжынераў і IT-спецыялістаў.

Выданне ўзяло інтэрвʼю ў дырэктара Польска-нямецкай гандлёва-прамысловай палаты ў Варшаве Ларса Гутэйля (Lars Gutheil). «Той, хто сёння гаворыць пра «польскую эканоміку», мае на ўвазе эканамічны цуд, паспяховы сістэмны пераход ад планавай і дэфіцытнай эканомікі да сацыяльнай рынкавай эканомікі», – кажа ён.

Газета нагадвае, што ў 2020 годзе Польшча выйшла на пятае месца паводле значнасці гандлёвых партнёраў Германіі ў свеце, Польшча і Германія таксама ўстанавілі новы рэкорд тавараабароту – больш за 167 мільярдаў еўра.

Немцы звяртаюць увагу на буйныя эканамічныя цэнтры, такія як Уроцлаў, Познань, Кракаў і Варшава. Кракаў яны называюць «польскай сіліконавай далінай», а Варшаву – «польскім горадам буму».

Нямецкія і міжнародныя інвестары ўкладваюць грошы ў Польшчу ўжо не дзякуючы нізкім заробкам польскіх працаўнікоў, а таму, што знаходзяць тут высока кваліфікаваных супрацоўнікаў. Штогадовыя эканамічныя даследаванні паказваюць, што ўзровень адукацыі ў польскіх універсітэтах і тэхнікумах карыстаецца вельмі добрай рэпутацыяй, як і прафесійная адукацыя. Яшчэ адзін станоўчы фактар – высокі ўзровень матывацыі ў супрацоўнікаў, – распавядае газеце Ларс Гутэйл.

Аднак «Die Tageszeitung» звяртае ўвагу на тое, што польскія фірмы няшмат інвестуюць ва ўласныя інавацыі, чым карыстаюцца іх партнёры з Германіі, уваходзячы на польскі рынак. Сярод прыкладаў згадваецца фармацэўтычны канцэрн Bayer, які нядаўна збудаваў у Варшаве «лічбавы хаб» з 600 IT-спецыялістамі. Іншы прыклад – абвешчанае ў канцы мінулага года рашэнне пра будаўніцтва фабрыкі Mercedes у польскім Явожне. Фабрыка павінна быць «цалкам экалагічнай».

Цікава, што ў Польшчы ўжо працуе больш за 60 заводаў, якія вырабляюць акумулятары для электрамабіляў.

нг