Беларуская Служба

Польшча правяла перамовы з саюзнікамі аб абароне межаў ЕС

03.01.2024 17:14
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі правёў перамовы з міністрамі замежных спраў Фінляндыі – Элінай Валтанен, Даніі – Ларсам Лёке Расмусенам і Турцыі – Хаканам Фіданам.
Radosław Sikorski
Radosław SikorskiPAP/Leszek Szymański

У аўторак, 2 студзеня, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі правёў перамовы з міністрамі замежных спраў Фінляндыі – Элінай Валтанен, Даніі – Ларсам Лёке Расмусенам і Турцыі – Хаканам Фіданам. Тэма перамоваў – абарона межаў Еўразвяза і бяспека НАТА, – паведамляе МЗС Польшчы, якое цытуе партал biznesalert.pl.

Як паведамілі ў ведамстве, у тэлефоннай размове з фінскім міністрам Элінай Валтанен асабліва моцна была падкрэслена неабходнасць развіцця патэнцыялу НАТА і ўстойлівасці Еўрасаюза да сучасных пагроз і выклікаў бяспекі. Іншай важнай тэмай стала пытанне аховы мяжы, якое было праблемай для Польшчы на працягу многіх месяцаў, а ў апошнія тыдні таксама стала сур'ёзнай праблемай на ўсходняй мяжы Фінляндыі.

У МЗС падкрэсліваюць, што Польшча і Фінляндыя бачаць патэнцыял супрацоўніцтва для працягу падтрымкі барацьбы Украіны. У сувязі з уступленнем Фінляндыі ў НАТА ў красавіку 2023 года суразмоўцы выказалі задавальненне перспектывай паглыблення адносін у рамках Паўночнаатлантычнага альянсу, як у двухбаковым, так і ў рэгіянальным вымярэнні.

У ходзе размовы міністра Сікорскага і кіраўніка МЗС Турцыі з задавальненнем быў адзначаны вельмі добры стан польска-турэцкіх адносін і імкненне да пабудовы партнёрскага дыялога. Радаслаў Сікорскі і Хакан Фідан аднагалосна звярнулі ўвагу на важнасць супрацоўніцтва Польшчы і Турцыі ў сферы бяспекі, эканамічнага супрацоўніцтва і глабальных выклікаў. Яны таксама выказалі ўпэўненасць у тым, што Варшава і Анкара падзяляюць агульную заклапочанасць будучыняй Паўночнаатлантычнага альянсу. Міністэрства замежных спраў Польшчы падкрэсліла, што размова таксама дала магчымасць абмеркаваць стан адносін паміж Еўрапейскім Саюзам і Турцыяй, а Радаслаў Сікорскі падкрэсліў нязменную падтрымку Польшчай еўрапейскай перспектывы Турцыі.

У сваю чаргу перамовы з міністрам замежных спраў Даніі Ларсам Лёке Расмусенам пацвердзілі ўзаемную адкрытасць да цеснага супрацоўніцтва як у двухбаковым фармаце, так і на форумах рэгіянальных і міжнародных арганізацый.

У МЗС Польшчы адзначаюць, што абедзве краіны надаюць асаблівае значэнне супрацоўніцтву ў сферы бяспекі, якое набыло стратэгічны характар у кантэксце наступстваў расійскага ўварвання ва Украіну. Адной з найбольш актуальных задач найбліжэйшай будучыні застаецца шматпланавая падтрымка Украіны, у тым ліку ў сферы паставак ваеннай тэхнікі і пасляваеннага аднаўлення Украіны.

эж