Беларуская Служба

Атакі на расійскія НПЗ у спалучэнні з санкцыямі могуць прывесці да зніжэння сусветных коштаў на нафту

29.03.2024 19:03
Гэтак мяркуюць некаторыя эксперты. 
 .
Нафтаперапрацоўчы завод.belneftekhim.by

Rzeczpospolita нагадвае, што ў сакавіку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы ў еўрапейскай частцы РФ нанеслі шкоду амаль усім НПЗ на захадзе Расіі. Некаторыя перасталі працаваць. Расійскія кампаніі распрадаюць запасы, каб прадухіліць дэфіцыт.

Гэта яшчэ больш пагоршыць сітуацыю ў расійскай нафтаперапрацоўчай галіне. Неабходнасць экстранага рамонту пасля шматлікіх атакаў беспілотнікаў ускладніла пастаўкі. Атакі беспілотнікаў зменшылі прыкладна на 14% вытворчыя магутнасці Расіі па нафтаперапрацоўцы.

Таму ў сакавіку Расія была вымушана павялічыць імпарт бензіну з суседняй Беларусі, каб справіцца з дэфіцытам паліва. Таксама Крэмль з 1 сакавіка ўвёў забарону на экспарт бензіну. Тэрмін дзеяння - паўгода. Такім чынам расіяне спрабуюць прадухіліць рост коштаў на паліва на ўнутраным рынку і яго дэфіцыт на заправачных станцыях.

Агенцтва UNIAN піша, што ў сакавіку Украіна актывізавала «паляванне на расійскія НПЗ». З пачатку гэтага года па 18 сакавіка адбылося 15 атак беспілотнікаў на 13 нафтаперапрацоўчых заводаў у 9 расійскіх рэгіёнах. 23 сакавіка беспілотнікі нанеслі ўдар па адным з нафтаперапрацоўчых аб'ектаў у Куйбышаве Самарскай вобласці, у 800 кіламетрах ад мяжы з Украінай.

Forbes напісаў, што Расіі давядзецца ахвяраваць авіябазамі і партамі дзеля абароны сваіх НПЗ. Крэмль мог бы перавесці сваю супрацьпаветраную абарону на нафтавыя аб'екты, але гэта аслабіла б абарону авіябаз, партоў, штабоў і іншых ваенных аб'ектаў, зрабіўшы іх лёгкай мішэнню. Расіяне заяўляюць, што хочуць абараніць іх наземнымі самаходнымі зенітна-ракетнымі комплексамі і гарматамі «Панцыр». Ва ўкраінскай выведцы мяркуюць, што гэтая заява была зроблена толькі для таго, каб супакоіць насельніцтва.

«Шмат удалых, значных удараў было нанесена на варожай тэрыторыі. Я хачу падкрэсліць, што Расія забяспечвае свой бюджэт прыбыткам ад экспарту нафтапрадуктаў: гэта фактычна траціна яе бюджэту і ільвіная доля ваеннага бюджэту», - сказаў кіраўнік СБ Украіны Васіль Малюк.

Брытанская выведка лічыць, што Расія наўрад ці зможа абараніць усе свае НПЗ ад нападаў украінскіх беспілотнікаў.

Эксперты заўважаюць, што атакі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў спалучэнні з санкцыямі супраць танкераў і банкаў, якія займаюцца гандлёвымі здзелкамі з расійскай нафтай, прывядуць да зніжэння сусветных коштаў на нафту. Сыравіны з Расіі застанецца ў краіне, што павялічыць долю таннай амерыканскай сланцавай нафты на сусветным рынку.

нг