Беларуская Служба

«Санкцыі санкцыямі, а бізнес ідзе сваім шляхам»

17.04.2024 16:01
Нягледзячы на санкцыі кампаніі з Харватыі і Італіі гандлююць з Расіяй
Долары ЗШАpixabay.com/CC0 Public Domain

Расійскія верфі будуюць баявыя караблі дзякуючы супрацоўніцтву з кампаніямі з Харватыі, Італіі і Латвіі. Нягледзячы на ​​заходнія санкцыі, запчасткі ў Расію пастаўляюць трэція краіны, такія як Кітай і Турцыя, паведамляе старонка Business Insider Polska.

Як стала вядома расійскай рэдакцыі ВВС, харвацкая кампанія Adria Winch і італьянская Melcal з'яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі на расійскія верфі ў Санкт-Пецярбургу і Зеленадольску ў Татарстане.

Adria Winch пастаўляе бартавое абсталяванне, у тым ліку, ад французскай кампаніі Schneider Electric, а Melcal – краны і запчасткі для караблёў.

Былы кіраўнік Adria Winch Мілівой Перузавіч, у інтэрвʼю BCC прызнаў, што кампанія прысутнічае на расійскім рынку больш за 20 гадоў.

«Санкцыі супраць Крамля цяпер выглядаюць проста смешна(…) Мы знайшлі спосаб ажыццяўляць пастаўкі праз трэція краіны, напрыклад, праз Турцыю або праз кампаніі-пасярэднікаў, зарэгістраваныя ў Расіі. Я таксама наладзіў кантакты з пасярэднікамі з Кітая(…) Санкцыі санкцыямі, а бізнес ідзе сваім шляхам», – адкрыта прызнаў Перузавіч.

З лютага 2022 года па ліпень 2023 года звязаныя з Adria Winch кампаніі паставілі на расійскі рынак запчастак на 1,2 мільёна долараў.

Падобную схему абыходу абмежаванняў выкарыстоўвае і італьянская кампанія Melcal, якая супрацоўнічае з кампаніямі з Кітая, Ганконга і Турцыі.

Сярод іншых еўрапейскіх кампаній, якія супрацоўнічаюць з расіянамі, зарэгістраваная ў Латвіі кампанія Marine Systems. Аднайменная расійская кампанія імпартуе элементы карабельнага абсталявання амерыканскай, японскай і нямецкай вытворчасці. У 2023 годзе гэтая кампанія зафіксавала 11-разовы рост прыбытку ў параўнанні з папярэднім годам.

22 снежня 2023 года прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў пастанову, якая дазваляе ўвесці санкцыі супраць банкаў трэціх краін, якія займаюцца продажам расійскім ваенным прадпрыемствам забароненых матэрыялаў. Гэта першая такая ініцыятыва ў адносінах да Расіі, накіраваная супраць ейнай ваеннай прамысловасці.

аз