Беларуская Служба

Высокія заробкі пасля магістарскай? Хто зарабляе больш за ўсіх ужо ў першы год

15.07.2025 14:13
Хоць у аб'явах аб працы радзей зʼяўляецца сёння патрабаванне наяўнасці адукацыі, у тым ліку дыплома вышэйшай навучальнай установы, даследаванне прафесійнага шляху выпускнікоў пацвярджае каштоўнасць адукацыі.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneGlow Images/East News

Магістарскія (II ступені) менеджарскія, тэхнічныя і медыцынскія навучальныя праграмы забяспечваюць самы высокі сярэдні заробак у першы год пасля атрымання дыплома, асабліва ў выпадку людзей, якія спалучаюць вучобу з працай, навучаючыся завочна, піша Rzeczpospolita. Гэта дадзеныя з дзясятага выпску агульнапольскай сістэмы маніторынгу Эканамічных лёсаў выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў (ELA), дакумент ахоплівае людзей, якія скончылі ВНУ ў 2023 годзе.

Медыяна заробкаў выпускнікоў. Менеджары на чале

Паводле дадзеных сістэмы, самай высокай медыянай сярэдніх заробкаў у першы год пасля дыплома маглі пахваліцца выпускнікі дзвюх спецыяльнасцей двухгадовых завочных магістарскіх праграм Executive Master of Business Administration (EMBA) ва Уроцлаўскім універсітэце. Медыяна іх штомесячных заробкаў дасягала 22 тыс. злотых брута, хоць варта звярнуць увагу, што гэтыя навучальныя праграмы накіраваны на менеджараў вышэйшага звяна з прафесійным досведам, а скончылі іх у 2023 годзе агулам 36 чалавек.

Значна больш людзей атрымлівалі тады дыплом па інфарматыцы, якая на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў ліку самых высокааплатных спецыяльнасцей, нягледзячы на відавочнае запаволенне ў IT-галіне і пагрозу з боку штучнага інтэлекту, які абмяжоўвае кадравыя патрэбы кампаній. Нягледзячы на гэта, навучальныя праграмы II ступені ў сферы ІТ, на чале з інфарматыкай у Варшаўскім політэхнічным універсітэце, складаюць палову спецыяльнасцей, якія выпускнікам 2023 года забяспечвалі самыя высокія заробкі ў першы год пасля дыплома. Прычым гэта былі, як правіла, завочныя навучальныя праграмы. Аналагічна, як у выпадку горнай справы і геалогіі ці сястрынскай справы, выпускнікі з такім дыпломам у першы год працы могуць зарабляць больш за 14 тыс. злотых штомесяц брута. Гэта медыяна заробкаў, то бок палова выпускнікоў атрымлівала больш.

– Вышыня іх заробкаў абумоўлена, між іншым, рызыкай, звязанай з выкананнем абавязкаў, і цяжкімі ўмовамі працы. Спецыялізацыі ў такіх галінах, як геалагічная інжынерыя або пошук радовішчаў, значна павышаюць рынкавую вартасць работнікаў і павялічваюць шанцы на прасоўванне на кіруючыя пасады, – адзначае Артур Скіба, прэзідэнт рэкрутынгавай кампаніі Antal.

З гэтымі спецыяльнасцямі зарабляюць найбольш

Фінансавая перавага інжынерных (на чале з IT) і медыцынскіх спецыяльнасцей бачная таксама ў выпадку дзённых навучальных праграм, якія цяжэй спалучаць з працай, што адбіваецца на ніжэйшай медыяне сярэдніх заробкаў. У гэтай групе самыя высокія заробкі ў першы год пасля дыплома атрымлівалі выпускнікі інфарматыкі II ступені Варшаўскага ўніверсітэта (14 тыс. злотых). У першай тройцы былі таксама выпускнікі інфарматыкі Ягелонскага ўніверсітэта (13,7 тыс. злотых) і інжынерыі і аналізу дадзеных Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэта (13,6 тыс. злотых).

Аднак, як адзначаюць у размове з Rzeczpospolita Мікалай Ясінскі і Марэк Бажыкоўскі з Цэнтра апрацоўкі інфармацыі (OPI), які аналізуе дадзеныя ELA, не толькі гэтыя ўражлівыя заробкі найбольш высокааплатных выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў пацвярджаюць, што варта вучыцца. Яшчэ лепшым доказам зʼяўляюцца паказчыкі Адноснага паказчыка заробкаў (WWZ) у першы год пасля дыплома, які паказвае заробкі ўсіх выпускнікоў і выпускніц на фоне заробкаў у іх месцах жыхарства.

Аднак вынікае з дакладаў кампаніі Grant Thornton, якая аналізуе абʼявы аб працы, усё часцей зʼяўляецца патрабаванне адносна пэўнага досведу (у маі яно было ўнесена ў 71 працэнт абʼяў, апублікаваных на найбуйнейшых рэкрутынгавых парталах), значна радзей працадаўцы патрабавалі пэўнай адукацыі, у тым ліку дыплома вышэйшай навучальнай установы (40 працэнтаў).

Дыплом вышэйшай навучальнай установы вітаецца, але не патрабуецца

Матэвуш Жыдэк, прэс-сакратар агенцтва па працаўладкаванні Randstad, лічыць, што вялікае значэнне мае тып, а асабліва кірунак навучання: тыя, якія даюць канкрэтную, прафесійную падрыхтоўку да працы, такія як тэхнічныя (у тым ліку інфарматычныя), медыцынскія або фінансава-бухгалтарскія, па-ранейшаму высока цэняцца. Адпаведны дыплом зʼяўляецца моцным козырам, а часта таксама патрабаваннем на рынку працы, асабліва ў выпадку маладых работнікаў, бо пасля 10-15 гадоў працы ключавое —  прафесійны досвед.

З гэтым таксама можа быць звязана зніжэнне долі вакансій з патрабаваннем адукацыі, якая найбольш важная ў першыя гады на рынку працы. Працадаўцы сёння часцей за ўсё шукаюць вопытных спецыялістаў і прафесіяналаў.

На думку прэс-сакратара кампаніі Randstad, хоць большасць прадпрыемстваў чакае ад кандыдатаў на спецыялізаваныя або кіруючыя пасады вышэйшай адукацыі (у апошнія гады яна стала, дарэчы, стандартам), яны гатовыя пайсці на кампраміс у выпадку пасад, дзе важныя, напрыклад, мяккія кампетэнцыі, або ў новых прафесіях, звязаных з электронным маркетынгам або электроннай камерцыяй. Дыплом вышэйшай навучальнай установы там вітаецца, але ўжо не абавязковы, што зʼяўляецца вялікім выклікам для польскіх ВНУ.

Выклік для ВНУ

Як ацэньвае Кшыштаф Шыманскі, прэс-сакратар Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэта, захоўваецца вялікая цікавасць да інжынерных і паслядыпломных навучальных праграм, але губляюць папулярнасць навучальныя праграмы II ступені. Вызначальнымі тут зʼяўляюцца практычныя рынкавыя меркаванні: тытул інжынера Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэта мае настолькі добрую марку, што кампаніі ўжо не чакаюць ад кандыдатаў дыплома магістра.

«У інжынерных прафесіях ціск рынку настолькі вялікі, што працадаўцы ахвотна наймаюць ужо студэнтаў пасля другога курса, лічачы, што яны маюць дастатковыя кампетэнцыі для працы», – дадае прэс-сакратар Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэта, прызнаючы, што вялікім выклікам ёсць заахвочванне студэнтаў да заканчэння навучання.

Зʼява заўчаснага заканчэння адукацыі (так званы drop-out) зʼяўляецца кашмарам для польскіх ВНУ ў апошнія гады. Паводле аналізу OPI, у 2012-2020 гадах больш за 1,3 млн чалавек, гэта значыць 40 працэнтаў студэнтаў, адмовіліся ад вучобы і на працягу года пасля выключэння са спісу студэнтаў не аднавілі навучанне. У сваю чаргу леташні даклад Польскага эканамічнага інстытута паказаў, што ў 2019-2023 гадах штогод вышэйшую адукацыю пачынала каля 500 тыс. чалавек, але дыплом аб заканчэнні вучобы атрымлівалі толькі 300 тыс.

– Варта прыгледзецца таксама да зʼявы заўчаснага «выцягвання» з сістэмы маладых спецыялістаў патэнцыяльнымі працадаўцамі. Студэнты, прывабленыя заробкам і іншымі бенефітамі, якія прапануюць кампаніі, кідаюць вучобу нават на фінішнай прамой, – падкрэсліваюць эксперты NCBR.

Паводле Rzeczpospolita/вх