Беларуская Служба

Польшча пашырае вытворчасць выбуховых рэчываў. Падпісана пагадненне паміж Nitro-Chem і Grupa Azoty

15.08.2025 17:32
Новае стратэгічнае партнёрства абяцае Польшчы больш незалежнасці ў вытворчасці боепрыпасаў.
 155 .
Снарад 155 мм.Фота: https://www.pravda.com.ua

У Польшчы падпісана важнае пагадненне, якое павінна ўзмацніць магчымасці краіны ў вытворчасці выбуховых матэрыялаў. Кампанія Nitro-Chem, якая ўваходзіць у склад Polska Grupa Zbrojeniowa (PGZ), і хімічны канцэрн Grupa Azoty заключылі дамову аб намерах супрацоўніцтва. Дакумент прадугледжвае забеспячэнне бесперапыннасці паставак сыравіны, неабходнай для вытворчасці выбухоўкі, а таксама супрацоўніцтва ў праектаванні і стварэнні вытворчых магутнасцяў. Асобна адзначаецца, што партнёрства дапаможа прыцягваць фінансаванне для вытворчасці трацілу, чытаем на партале gazeta.pl.

Як падкрэсліў старшыня праўлення Grupa Azoty Анджэй Скальмоўскі, гэта працяг шматгадовай камерцыйнай супрацы з PGZ. «Мы ўжо пастаўляем канцэнтраваную азотную кіслату і нітраты, неабходныя для вытворчасці выбуховых матэрыялаў. Цяпер хочам пашырыць супрацоўніцтва на абмен досведам і развіццё кампетэнцый у сферы матэрыялаў высокай энергіі. У нашай групе ёсць спецыялізаваныя праектныя бюро, здольныя рэалізоўваць такога роду хімічныя праекты. Мы не выключаем і больш глыбокага ўдзелу ў гэтай ініцыятыве», — заявіў ён.

Для Grupa Azoty гэта пагадненне мае стратэгічнае значэнне. Кампанія ўжо адзінаццаць кварталаў запар дэманструе страты, якія ў суме дасягнулі 5,6 млрд злотых (1,314 млрд еўра). На гэтым фоне любыя новыя інвестыцыі і кантракты могуць стаць шанцам на паляпшэнне фінансавага становішча польскага гіганта.

З боку абароннай прамысловасці кіраўнік PGZ Адам Лешкевіч адзначыў, што супрацоўніцтва з Grupa Azoty — гэта дадатковы элемент шырэйшага «праекта па вытворчасці амуніцыі», накіраванага на ўмацаванне суверэннасці Польшчы ў пастаўках стратэгічных матэрыялаў, у тым ліку тратылу. Адам Лешкевіч нагадаў, што да 2028 года ў краіне плануецца пабудаваць тры новыя заводы па вытворчасці боепрыпасаў. Гадавыя магутнасці па выпуску снарадаў калібру 155 мм павінны дасягнуць 180 тыс. штук, а таксама будзе павялічана вытворчасць іншай буйнакалібернай амуніцыі, у тым ліку снарадаў 120 мм калібру. Праект ужо атрымлівае фінансаванне з Фонду інвестыцый капіталу і рэалізуецца ў адпаведнасці з бізнес-планам.

Новае пагадненне можа стаць значным крокам не толькі да тэхналагічнай незалежнасці, але і да адраджэння польскай хімічнай і абароннай прамысловасці, узмацняючы пазіцыі краіны ў сферы бяспекі і эканамічнай устойлівасці.

эж

Расія вырабляе артылерыйскія снарады ў тры разы хутчэй, чым заходнія саюзнікі Украіны

26.05.2024 17:56
І прыкладна ў чатыры разы танней.