Мэр Пякар-Слёнскіх Слава Уміньска-Кайдан звярнулася да гарадской рады з прапановай правесці мясцовы рэферэндум пра тое, якім чынам у горадзе павінна быць арганізаванае ацяпленне будынкаў: праз мадэрнізаваныя катлы на біямасе ці праз новую цэнтральную сістэму на базе фабрыкі па спальванні смецця, чытаем на партале energetyka24.com.
У апублікаванай у сераду заяве кіраўніца горада падкрэсліла, што гэта адно з найважнейшых стратэгічных рашэнняў. «Яго наступствы жыхары будуць адчуваць шмат гадоў», — адзначыла мэр.
«Разам вызначым, што лепш: мадэрнізаваць старыя кацельні на біямасе, якія знаходзяцца ў нашых мікрараёнах, ці ліквідаваць іх на карысць цэнтральнага ацяплення ў выглядзе фабрыкі па спальванні смецця на вуліцы Гранічнай», — заявіла Слава Уміньска-Кайдан, падкрэсліўшы, што «ў гэтым пытанні няма месца палітыцы, пратэстам і ўзаемным прэтэнзіям» і што рашэнне павінна быць прынята «сумленна і дэмакратычна».
Паводле яе, органы мясцовага самакіравання не будуць агітаваць за той ці іншы варыянт, але прадставяць жыхарам поўную інфармацыю пра абедзве магчымасці. «Рэферэндум называюць святам дэмакратыі. Гэта момант, калі жыхары сапраўды ўплываюць на канкрэтныя рашэнні», — падкрэсліла мэр.
У мэрыі Пякар-Слёгскіх таксама паведамілі, што праект пастановы аб правядзенні мясцовага рэферэндума плануецца разгледзець у канцы жніўня. Паводле закона, галасаванне павінна адбыцца ў выходны дзень і будзе лічыцца сапраўдным пры ўдзеле не менш як 30% выбаршчыкаў. Галасаванне плануецца на канец кастрычніка.
эж