Беларуская Служба

Замежныя кліенты купляюць у Польшчы элітнае жыллё. Рэкордныя лічбы

02.10.2025 12:05
Польшча ўсё больш прыцягвае ўвагу замежных інвестараў і заможных кліентаў, якія шукаюць нерухомасць сегмента прэміўм.
.
.Shutterstock/Roman Babakin

У 2024 годзе замежнікі падалі 2 310 заявак на пакупку  нерухомасці, гэта на 40% больш у параўнанні з папярэднім годам, піша businessinsider.com.pl.

Дадзеныя Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі паказваюць, што амаль 70% пакупак нерухомасці ў Польшчы датычыліся грамадзян Украіны, але і пакупнікі з іншых краін становяцца ўсё больш актыўнымі. Сярод іх — людзі з Беларусі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, а таксама з больш аддаленых рынкаў — ад Азіі да Блізкага Усходу. Для многіх з іх Польшча — не толькі прывабны інвестыцыйны кірунак, але і месца для жыцця, вучобы і працы.

Найбольш часта абіраюць наступныя лакацыі — Мазавецкае, Велікапольскае, Малапольскае і Сілезскае ваяводствы. 

Чаму Польшча? Якасць, цэны і дынаміка развіцця

— Польшча становіцца ўсё больш прывабным рынкам для замежных інвестараў, — кажа Катажына Баркоўска, кіраўнік аддзела продажу і арэнды жылля Signature Estates, CBRE. — Мы назіраем рост цікавасці як з боку грамадзян суседніх краін, так і кліентаў з Азіі ці Блізкага Усходу.

Для многіх гэта магчымасць купіць нерухомасць сусветнага стандарту, але па цэнах, якія ўсё яшчэ значна ніжэйшыя, чым у Берліне, Парыжы ці Лондане. Да гэтага дадаецца дынамічнае развіццё гарадоў, багатая культурная прапанова і высокая якасць новых прэміум-праектаў, каментуе эксперт.

Польскія мегаполісы як цэнтры жыцця

Варшава, Кракаў, Уроцлаў ці Труймяста (Гданьск, Сопат, Гдыня) перажылі глыбокую трансфармацыю. Сёння гэта мегаполісы, якія прапануюць значна больш, чым проста працу і адукацыю. Яны маюць рэпутацыю гарадоў, дзе можна весці прывабны лад жыцця — з доступам да культуры, рэстаранаў, сучаснай інфраструктуры і зялёных зон.

Забудоўшчыкі ўсё часцей уводзячы ў прэміум-праекты выгоды, якія раней асацыяваліся з заходнімі рынкамі: прыватныя велнес-зоны, трэнажорныя залы, зялёныя тэрасы, паслугі консьержа і інтэлектуальныя сістэмы «разумны дом».

Экспаты і перспектывы развіцця

Асаблівую групу складаюць заможныя экспаты і супрацоўнікі міжнародных карпарацый, якія асядаюць у Польшчы з сем'ямі. Для іх набыццё апартаментаў — не толькі фінансавая інвестыцыя, але і стратэгічнае рашэнне аб стварэнні новага ладу жыцця ў нашай краіне.

Адначасова расце цікавасць з боку людзей, якія шукаюць другі дом або вакацыйную рэзідэнцыю. Польшча, з Мазурамі, Балтыкай і горнымі курортамі, становіцца цікавай альтэрнатывай для больш ажыўленых і дарагіх кірункаў Заходняй Еўропы.

Эксперты CBRE прагназуюць, што тэндэнцыя росту цікавасці замежнікаў да элітнай нерухомасці ў Польшчы будзе захоўвацца ў наступныя гады.  

вх