Беларуская Служба

Як расіяне кантралююць аўтобусны рух з Польшчай

30.10.2025 13:15
Цяпер паміж Польшчай і Расіяй існуе восем аўтобусных маршрутаў.
.
.Marie Sjödin/Pixabay/C00

Польска-расійскі рынак пасажырскіх перавозак кантралюецца кампаніямі, якія належаць расіянам, піша Rzeczpospolita.

Пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны Еўрапейская камісія забараніла рэйсы ў Расію і з Расіі. Тым не менш, аўтобусныя перавозкі паспяхова дзейнічаюць, у першую чаргу на маршрутах да Калінінграда. Трынаццаць кампаній маюць ліцэнзію на перавозку пасажыраў паміж Польшчай і Расіяй. Шэсць з іх зарэгістраваны ў Польшчы, астатнія знаходзяцца ў такіх краінах, як Расія і Беларусь. З тых, што зарэгістраваны ў Польшчы, трыма кіруюць палякі, астатнімі – грамадзянамі Латвіі і Расіі. У гэтым годзе чыноўнікі выдалі дазволы на адкрыццё дзвюх ліній. Гэтыя дазволы былі выдадзены кампаніям, якія належаць расіяніну.

Высвятляецца, што Польшча не прыпыніла правілы з 1990-х гадоў мінулага стагоддзя, якія дазваляюць весці паміж краінамі бізнес у сферы пасажырскага транспарту, на падставе якіх такія перавозкі можна было весці з Расіяй.

Гаворка ідзе пра Закон ад верасня 2001 г. аб дарожным транспарце і двухбаковае пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Польшча і Урадам Расійскай Федэрацыі ад жніўня 1996 г., якое кажа, што «бакі пагаднення выдаюць дазволы на міжнародныя рэгулярныя перавозкі на ўчасткі дарог, якія праходзяць праз іх дзяржавы».

Цяпер паміж Польшчай і Расіяй існуе восем злучэнняў. У мінулым годзе іх было шэсць, у 2023 годзе – восем, у 2022 годзе – 10, а ў 2021 годзе – 11.

Самалётам у Расію – не, а аўтобусам – так

З лютага 2022 г. рашэннем Еўрапейскай Камісіі закрыта неба для пасажырскіх рэйсаў з і ў Расію.

– Паветраныя судны з такіх краін, як Расія і Беларусь, у сувязі з санкцыямі ЕС, не могуць карыстацца еўрапейскай, у тым ліку польскай, паветранай прасторай, – адказвае Марцін Хадай, прэс-сакратар Польскага Агенцтва Паветранай Навігацыі. Польшча пабудавала на ўсёй больш чым 100-кіламетровай сухапутнай мяжы з Калінінградскай вобласцю загароды і ахоўныя бар'еры – ідэнтычныя тым, што былі пастаўлены на мяжы з Беларуссю.

Аднак не былі ўзмоцнены правілы перавозак аўтобусамі з Расіі ў Польшчу, а адзіныя абмежаванні – гэта тыя, што былі ўведзены папярэднім урадам з-за... пандэміі COVID. Гаворка ідзе пра распараджэнне МУС ад 13 сакавіка 2020 г. па справе часовага прыпынення або абмежавання памежнага руху на памежных пераходах.

Што кажа гэтае распараджэнне? У Польшчу з Расіі могуць уехаць: грамадзяне Польшчы, замежныя сужэнцы палякаў, замежнікі, якія маюць Карту Паляка, асобы, якія маюць дыпламатычны статус і члены іх семʼяў, а таксама замежнікі, якія маюць права на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча або права на працу ў нашай краіне.

Усё больш грамадзян Расійскай Федэрацыі ўязджае ў Польшчу

Статыстыка Памежнай службы, падрыхтаваная для Rzeczpospolitej, паказвае, што, нягледзячы на прававыя абмежаванні, у Польшчу цягам апошніх трох год прыязджае ўсё больш расіян.

У 2020 г. (першы год пандэміі) на дарожных памежных пераходах з Калінінградскай вобласцю аформілі на кірунку ўезду ў Польшчу амаль 366 тыс. падарожных, у тым ліку 222 тыс. расіян. У 2021 г. са 114 тыс. падарожных, якія ўехалі ў Польшчу, расіяне складалі 65 тыс. У 2022 г. (першы год вайны Расіі з Украінай) з боку Калінінграда ўехала 62 тыс. грамадзян Расіі.

Але ўжо ў 2023 г. – праз гэтую дарожную мяжу ў Польшчу прыехала 275 тыс. асоб, у тым ліку 74 тыс. – гэта расіяне, у 2024 г. – амаль 98 тыс. грамадзян РФ.

У гэтым годзе (даныя за перыяд з 1 студзеня па 30 верасня) – уехала 79 тыс. грамадзян Расійскай Федэрацыі.

Пётр Немчык, былы намеснік кіраўніка ўпраўлення выведкі Упраўлення аховы дзяржавы (UOP), выказаў сваё меркаванне пра адкрыццё аўтобуснага руху з Расіяй з пункту гледжання бяспекі:

– Калі візавая сістэма або сістэма аховы межаў зʼяўляецца адносна герметычнай, то ў прынцыпе няма рызыкі для бяспекі. Сам факт перамяшчэння людзей, пра якіх нельга нешта даказаць і няма падстаў лічыць, што яны маюць нейкія дрэнныя намеры, не зʼяўляецца дрэнным.

З іншага боку, з гуманітарных, эканамічных, сямейных прычын нельга цалкам заблакаваць трансгранічны рух. Нават у часы халоднай вайны, абмен людзьмі ў нейкім абʼёме адбываўся, – нагадвае Пётр Немчык. Ён згаджаецца, што «рызыка існуе, але яна можа быць ліквідавана эфектыўнай візавай палітыкай». – Акрамя таго, шпіёны звычайна ўязджаюць па добрых дакументах і не аўтобусамі.

вх