Беларуская Служба

Памяць, што жыве праз пакаленні: Францішак Міцкевіч і беларускія Дзяды ў эміграцыі

01.11.2025 12:20
Беларусы, дзе б яны ні былі, не забываюць сваіх каранёў. Нават далёка ад Радзімы яны працягваюць традыцыю Дзядоў, ушаноўваючы продкаў і землякоў. У польскай вёсцы Ражнова, непадалёк ад Познані, на Дзяды беларусы запальваюць лампадку на магіле чалавека, чыя гісторыя амаль страчана для Беларусі — Францішка Міцкевіча, старэйшага брата вялікага паэта Адама Міцкевіча.
Аўдыё
  • Францішак Міцкевіч і беларускія Дзяды ў эміграцыі
    :    .
Лялькі з батлейкі спадарыні Веранікі: Францішак і Адам Міцкевічы.Фота Паўла Залескага/Беларуская служба Польскага радыё

Традыцыю Дзядоў не забываюць і ў эміграцыі

На Дзяды беларусы ідуць на могілкі, каб памянуць сваіх продкаў: пабыць з імі духоўна, узгадаць, набрацца эмоцый. Гэта спосаб ведаць і памятаць, а таксама шанаваць іх памяць — з пакалення ў пакаленне.
Беларускія эмігранты, апынуўшыся ў розных краінах свету і не маючы магчымасці адведаць магілы сваіх блізкіх, шукаюць пахаванні землякоў, якіх лёс у свой час раскідаў па свеце.

Так, у Вялікапольскім ваяводстве Польшчы на Дзяды некаторыя беларусы прыязджаюць у вёску Ражнова, што недалёка ад Познані, каб ушанаваць магілу свайго земляка — даўно забытага ў самой Беларусі старэйшага брата літаратурнага класіка Адама Міцкевіча, Францішка Міцкевіча.

«Я ведала пра старэйшага брата Адама Міцкевіча, бо мне мама пра яго распавядала»

Гаспадарыня Вераніка кожны год прыязджае ў Ражнова разам са сваёй сям’ёй. Кажа, што тут, на гэтай зямлі, яны знайшлі магілу блізкага чалавека, якога шануюць і памятаюць.

Цікаўлюся, як яны адшукалі магілу Францішка Міцкевіча, калі нават у школьнай праграме ў Беларусі пра яго не ўзгадваецца.

— Я ведала пра яго, таму што мне мама распавядала, што быў такі старэйшы брат Адама Міцкевіча — гарбаваты, і ён застаўся пасля паўстання ў Польшчы. Але для мяне тады, дзе тая Познань, дзе тая Польшча — усё было цьмяна. Калі ж воляй лёсу апынулася тут, то паехала шукаць яго сляды. Усе звесткі ў адкрытым доступе, таму знайсці яго магілу і ўспаміны было нескладана. А далей трэба было ўжо адчуць яго — бо адным розумам не дасягнеш, хто гэта такі. І я адчула, што гэта ваяр, і пазней ён стаў адным з герояў маёй батлейкі. Адчувала адказнасць перад гэтым вобразам, бо ён ніколі раней не быў паказаны ў мастацкіх творах. Я разумела: якім я яго прадстаўлю людзям — такім ён і застанецца ў іх сэрцах.

«Гэта скарб-чалавек»

Мая суразмоўца пераканана, што асоба Францішка Міцкевіча недаацэненая — як у Польшчы, так і на яго радзіме ў Наваградку. Наведваючы яго магілу штогод у Ражнове, спадарыня Вераніка ўсё ж верыць, што калісьці стаўленне да гэтага сапраўднага героя зменіцца.

— Францішак Міцкевіч шмат кім успрымаецца пераважна як брат Адама Міцкевіча. Пэўны час я таксама так думала, але калі пачытала яго ўспаміны, пабыла на месцы яго спачыну, пазнаёмілася з успамінамі яго сучаснікаў — зразумела: гэта скарб-чалавек. І не таму, што ён брат Адама. Гэта ваяр, паўстанец, барацьбіт за справядлівасць. Калі паўстанне было задушана, яму было вельмі цяжка жыць, але ён не губляў надзеі, што змены ўсё ж адбудуцца, што ён вернецца ў Літву, у Наваградак, і зноў далучыцца да братоў па зброі. Ён пражыў так трыццаць гадоў у чаканні. У маёй батлейцы ён з’яўляецца на нябёсах і пяе песню «Я вярнуўся». Душа яго апякуецца Наваградкам, тым месцам, куды ён прагнуў у сваім зямным жыцці. І яна разам з Чорным анёлам, апекуном Наваградка, вартуе браму гэтага горада.

Трыццаць гадоў у эміграцыі…

Так, насамрэч трыццаць гадоў у эміграцыі — і з адной марай вярнуцца на Радзіму. Ён не хацеў дамагацца амністыі ад царскіх уладаў: з польскім войскам выйшаў з Наваградка і марыў з польскім войскам туды вярнуцца.
Яго душа «адкрылася» ў 1830 годзе, калі ён сеў на каня, схапіў уланскую дзіду і годна перажыў 1831 год, аддаўшы паўстанню ўсё — сваіх коней, зброю, сілу і адданасць. Пасля разгрому паўстання ён прыпыніўся ў Вялікапольскім ваяводстве — спачатку ў сям’і Грабоўскіх у Лукаве, а пасля ў сям’і Бараноўскіх у Ражнове, куды пераехаў, калі Грабоўскія перасяліліся ў Варшаву.

Пакінуў пасля сябе «Успаміны»

Пачаліся доўгія дзесяцігоддзі духоўнай адзіноты. Пад уплывам Адама ён пісаў вершы і пакінуў пасля сябе «Успаміны», якія цяпер захоўваюцца ў Музеі Адама Міцкевіча ў Парыжы. Яны напісаныя на польскай мове, назва гучыць - «Pamętnik». Дакладная дата іх напісання невядомая, да таго ж тэкст застаўся няскончаным. Але і тое, што захавалася, мае вялікае значэнне: на тых шурпатых старонках жыве любоў і туга па роднай зямлі.
«Успаміны» былі выдадзеныя ў 1923 годзе ў Львове выдаўцом Юзафам Каленбахам і цяпер даступныя для чытання праз інтэрнэт.
У іх выразна адчуваецца наваградскі гарызонт, атмасфера часу і штодзённасць сям’і. Хоць крытыкі не лічылі Францішка пісьменнікам, яго тэксты выклікаюць вялікую цікавасць, асабліва сёння.

Магіла і памяць

Як сведчаць відавочцы, на труне Францішка Міцкевіча быў выбіты надпіс:

«Францішак Міцкевіч, нарадзіўся 1794 год, памёр 13 лістапада 1862 года.»

Сялянам, якія неслі труну, не спадабалася, што згодна з воляй памерлага, мураваны склеп, у які змясцілі металічную труну, быў заліты бетонам. Ён хацеў, каб труна захавалася ў цэласці да таго часу, калі яе перавязуць у вызваленую Літву.

Але магіла Францішка Міцкевіча да гэтага часу застаецца ў Ражнове. Хаця вельмі важна, каб яна ўсё ж некалі была перанесена на яго радзіму, так як ён і завяшчаў.
Цяпер на Дзяды на ёй гарыць лампадка — ад землякоў з Беларусі.

Павел Залескі