Беларуская Служба

Эканаміст Леў Львоўскі: Да іміграцыі трэба рыхтавацца, а Лукашэнка ўспрымае так, што ён прывязе прыгонных на завод

05.11.2025 09:30
Ці атрымаецца выправіць праблемы з дэфіцытам кадраў праз прыцягненне мігрантаў? Абмяркоўваем гэта з эканамістам Львом Львоўскім.
Аўдыё
  • Леў Львоўскі: Ёсць слоўныя інтэрвенцыі наконт прыцягнення мігрантаў, а на практыцы — заканадаўства, якое абмяжоўвае іміграцыю ў Беларусь, і зусім ёй не спрыяе.
Robotnicy na budowie
Robotnicy na budowieMarek BAZAK/East News

Слухайце размову ў далучаным файле!

Неспрыяльнае для іміграцыі закандаўства

— У Беларусі сапраўды не хапае людзей на рынку працы. Гэта заўважна: і з афіцыйных справаздач, і калі апытваюць бізнес, што галоўная праблема — недахоп працоўных рук.  

У нас негатыўныя дэмаграфічныя трэнды. Гэта значыць, насельніцтва і змяншаецца, і старэе. Колькасць людзей працаздольнага ўзросту змяншаецца яшчэ хутчэй, чым насельніцтва ў цэлым. І на гэта яшчэ наклалася эміграцыя. Таму, так, нам не хапае працоўных рук. Тут можна шмат што рабіць, ісці адразу некалькімі шляхамі, але адзін з гэтых шляхоў — гэта прыцягваць мігрантаў.

Ёсць слоўныя інтэрвенцыі наконт прыцягнення мігрантаў, а на практыцы — заканадаўства, якое абмяжоўвае іміграцыю ў Беларусь, і зусім ёй не спрыяе.

Пачнём з таго, што за мігрантаў адказваюць сілавікі, а не Міністэрства працы. Гэта значыць, мігранты ўспрымаюцца дзяржавай, у першую чаргу, як крыніца пагрозы.

Лукашэнка казаў, што зараз прывязём пакістанцаў. Людзі пачалі трохі наракаць. І хто першы адказаў людзям? Адказала Міністэрства ўнутраных спраў: няма пакуль пакістанцаў  і нічога яны не здзяйсняюць, і гэтак далей.

Заканадаўства. Іміграваць у Беларусь даволі складана, шмат абмежаванняў. Стаць пастаянным рэзідэнтам у Беларусі цяжка. Атрымаць грамадзянства цяжэй, чым у большасці еўрапейскіх краін. Адзін разрыў ВНЖ у Беларусі — і ў вас анулюецца тэрмін працяглага перабывання. Пяць адміністрацыйных правапарушэнняў — вас высылаюць з Беларусі. Хоць гэта можа быць правапарушэнне за перавышэнне хуткасці на 20 км/г або праезд без білета. Шлюб з беларусам ці беларускай не дае грамадзянства.

Гэта значыць, у плане прыцягнення мігрантаў Беларусь — непрыветлівая краіна.

Уяўныя «сотні тысяч пакістанцаў»

Мігранты патрэбныя, але для гэтага ўсё яшчэ робіцца не асабліва шмат. Пакуль што  «сотні тысяч пакістанцаў» застаюцца ўяўнымі. Па статыстыцы за апошнія гады, большая частка мігрантаў, якія прыбываюць у Беларусь, гэта — грамадзяне Туркменістана. 

Можам абмеркаваць грандыёзныя планы пра пакістанцаў. Так, сапраўды, многія  краіны актыўна выкарыстоўваюць іміграцыйную палітыку для таго, каб быць яшчэ больш паспяховымі. Для таго, каб, уласна, хапала рук, таму што ва ўсіх развітых краінах нараджальнасць у цэлым нізкая.

Мы не першыя ў свеце сутыкаемся з гэтай праблемай, таму можам глядзець на памылкі і поспехі іншых. Галоўная выснова, якую можна зрабіць, заключаецца ў тым, што мігранты, якія паспяхова асімілююцца, адаптуюцца да новай краіны і хочуць у ёй жыць доўгатэрмінова, прыносяць шмат карысці эканоміцы.

У краінах, дзе мігранты не асімілююцца, па тых ці іншых прычынах, гэта стварае  пастаянныя праблемы.  Гэта значыць, важна пры прыцягненні мігрантаў падумаць пра спосабы іх асіміляцыі, каб гэтыя мігранты былі сапраўднымі грамадзянамі Беларусі ў адносна хуткім часе.

Таму важныя, напрыклад, культурная дыстанцыя паміж краінай, якая прымае, і мігрантамі, наколькі талерантна мясцовае грамадства, моўныя бар'еры. Проста так завесці 150—200 тысяч людзей іншай культуры, іншай рэлігіі, іншай мовы ў грамадства, якое не падрыхтавана да гэтага, і сказаць "ідзіце на завод" — так не атрымаецца, так ніхто не інтэгруецца і не асімілюецца.

Калі сапраўды аднамомантна раптам прыедзе 150 тысяч пакістанцаў, то гэта будуць відавочныя сацыяльныя праблемы. Тым больш, Лукашэнка кажа, што ён хоча іх прывезці не ў Мінск, а ў малыя гарады. Што гэта значыць? Што калі яны прыязджаюць, там няма інфраструктуры, няма мячэцяў, напрыклад, там няма дзіцячых садоў і школ з настаўнікамі, выхавальнікамі, якія ўмеюць працаваць з замежнымі дзецьмі, ну, і, як мінімум, ведаюць замежныя мовы. Пакістанскія дзеці адразу ж не нараджаюцца з веданнем беларускай мовы і рускай. Няма нейкай інфраструктуры па вытворчасці халяльнай ежы. Гэта ж не значыць, што людзі прыедуць і будуць тут есці сала з бульбай. Да ўсяго мясцовыя жыхары не гатовыя да такога. 

То бок да іміграцыі трэба рыхтавацца. А Лукашэнка ўспрымае гэта як, што ён прывязе прыгонных на завод, і яны пойдуць працаваць, і ўсё, ніякіх пытанняў не будзе. Пытанні будуць. Асабліва, калі гэта будзе аднамомантная хваля міграцыі людзей далёкай культуры.

— А наколькі самі беларусы гатовыя да такіх зменаў у грамадстве? У краіне ўсё ж гамагеннае грамадства.  

— Былі грамадскія апытанні насельніцтва і да 2020-га года, і пасля. І выявілася, што беларусы не чэмпіёны свету па талерантнасці. Па апытаннях, беларусы асабліва не любяць у сярэднім дзве катэгорыі людзей. Гэта прадстаўнікі народнасці рома або цыгане, і людзі арабскага паходжання, мусульманскай веры. Да гэтых людзей   беларусы ставяцца найбольш насцярожана.

Гэта не дзіўна, да пачатку XX стагоддзя Беларусь была вельмі такой пярэстай краінай, шматэтнічнай. Там нават было чатыры дзяржаўныя мовы ў нейкі момант. Але так склалася, уласна, з-за вайны, з-за Халакосту, з-за Савецкага Саюза, што апошнія дзесяцігоддзі Беларусь — гэта дастаткова монаэтнічная краіна. Ну, ёсць невялікая зусім колькасць татараў у нас, мікраскапічная колькасць, можа быць, яўрэяў. Але мы прывыклі за апошнія дзесяцігоддзі, што ў Мінску амаль усе людзі, скажам так, белыя і ўмеюць гаварыць па-руску. Таму дзіўна чакаць нейкай звышталерантнасці, калі вы выраслі ў асяроддзі, дзе не бачылі людзей з іншым колерам скуры, якія гавораць на іншай мове. 

— Ці здольная Беларусь прапанаваць адэкватныя заробкі? Нават у афіцыйных медыя з'явілася крытычная інфармацыя, што катастрафічна не хапае кіроўцаў, бо беларусы едуць па лепшыя заробкі ў ЕС ці Расію.

— Мы здольныя прыцягнуць мігрантаў, але трэба разумець, што гэта хутчэй будуць людзі з краін з ніжэйшым узроўнем жыцця.

Зноў жа, вернемся да заяў Лукашэнкі пра пакістанцаў, калі ён кажа, што Пакістан будзе слаць нам лепшыя кадры, самых кваліфікаваных работнікаў, гэта не так. Так, сярэдняя зарплата ў Пакістане значна ніжэйшая, чым у Беларусі, але відавочна, што лепшыя пакістанскія ўрачы будуць абдумваць, ці не пераехаць ім у Германію, а не ў Беларусь.

Не трэба думаць, што паедуць раптам немцы з амерыканцамі і шведамі кіраваць аўтобусамі ў Беларусі. Да нас паедуць людзі з краін, дзе менш магчымасцяў. Таму не дзіўна, што ў нас палова мігрантаў у апошнія гады з Туркменістана. Гэтая краіна выглядае ідэальным донар мігрантаў для нас. З аднаго боку, там значна горшае жыццё, меншыя зарплаты. З другога боку, многія людзі ведаюць рускую, то бок ім лягчэй адаптавацца. І гэта краіна былога Савецкага Саюза, значыць ёсць нейкі агульны бэкграўнд.

— Паводле ацэнак аўтараў партала rabota.by, у другім квартале назіралася нізкая канкурэнцыя ў сферах, дзе пераважае працоўны персанал. І была высокая канкурэнцыя ў інтэлектуальных прафесіях Пра што гэта сведчыць? Беларусы грэбуюць простай працай? Усе занадта адукаваныя?

— Я б не рабіў настолькі далёкіх высноў, таму што гэта ўсё роўна, там, вось, па дадзеных партала, вось, нам, як бы, ну, не ўсе вакансіі праходзяць праз гэты партал. Гэта значыць, тут лепш, вядома, глядзець па, скажам, там, апытаннях бізнесу. І, так, гэта значыць, у нас, у цэлым, у нас не хапае працоўных рук ва ўсіх сферах. Гэта значыць, нельга сказаць, што, вось, там, прама айцішнік не можа знайсці працу, таму што, там, гэта няма адбою ад прапаноў. А, вось, не ведаю, там, вадзіцель аўтобуса, там, іх хапае проста каго-небудзь на вуліцы, хто ўмее вадзіць аўтобус.

Вось, гэта значыць, так, зразумела, што, вось, гэты недахоп, ён па-рознаму адчуваецца, але на яго ўплывае адразу шмат фактараў. Ну, першае, гэта тыя сферы, дзе людзям лягчэй з'язджаць, гэта значыць, тыя сферы, дзе чалавечы капітал лягчэй канвертуецца, там будзе большы недахоп. Кіроўца-дальнабойшчык пераязджае ў іншую краіну, ён адразу ж становіцца кіроўцам, ну, можа, трэба будзе здаць нейкі экзамен па кіраванні. Але калі круты адвакат з Беларусі пераязджае ў іншую краіну, ён не становіцца крутым адвакатам там, бо не ведае яе права. 

Таму медыкі, кіроўца, будаўнікі і айцішнікі вышэйшага ўзроўню — прафесіі, дзе ёсць дэфіцыт. Ёсць шмат фактараў, якія ўплываюць. Але зразумела, што там моладзь хоча жыць лепш і ідзе ва ўніверсітэт, каб быць айцішнікамі, а не токарамі. 

— Выснова такая, што міграцыйная тэма не дапрацаваная.

— Так, міграцыя патрэбна, добра, што ўлады заняліся гэтым, але пакуль што заняліся, скажам, дзіўнымі метадамі.

вх