Расія працягвае эфектыўна абыходзіць заходнія санкцыі, выкарыстоўваючы так званы ценявы флот — сотні суднаў, якія ходзяць па міжнародных водах пад экзатычнымі сцягамі. Як вынікае з новага дакладу Шведскай берагавой аховы, ад 500 да 1000 расійскіх суднаў задзейнічаныя ў нелегальным транспартаванні нафты, у тым ліку ў Балтыйскім моры. Больш за 300 з іх аформленыя пад выдуманымі або фіктыўнымі сцягамі, чытаем на партале forsal.pl.
Паводле дакладу, асноўную частку гэтай флатыліі складаюць старыя танкеры без належнага страхавання і ў дрэнным тэхнічным стане, што стварае сур’ёзную пагрозу экалогіі. Восенню было зафіксавана 306 суднаў, якія выкарыстоўвалі 29 фальшывых сцягоў. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі рэгістрацыйных паслуг для такіх танкераў сталі Гамбія, Сьера-Леонэ і Каморскія выспы, пасля таго як шэраг іншых краін выдаліў падазроныя судны са сваіх рэестраў.
Даследаванне таксама выявіла маштабныя махінацыі з дакументамі. Кампанія Lloyd’s List зафіксавала дзясяткі падробленых сайтаў, праз якія афармляліся фальшывыя сертыфікаты і страхавыя полісы. Частка суднаў рэгістравалася без ведама дзяржаў або нават на тэрыторыях, якія не маюць уласнага марскога сцяга.
Трывогу таксама выклікаюць умовы працы экіпажаў: зафіксаваныя выпадкі нявыплаты заробкаў і рост скаргаў у Міжнародную федэрацыю транспартнікаў. Эксперты адзначаюць, што Балтыйскае мора, у тым ліку паблізу польскага ўзбярэжжа, усё больш ператвараецца ў зону павышанай рызыкі — як з эканамічнага, так і з экалагічнага пункту гледжання.
эж