Беларуская Служба

ЗША абвінавачваюць Еўрапейскі саюз у дыскрымінацыі амерыканскіх кампаній

17.12.2025 15:12
І папярэджваюць пра магчымыя меры ў адказ. 
   . .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ілюстрацыя.PAP/EPA/YURI GRIPAS / POOL

У адмысловай заяве амерыканскія ўлады сцвярджаюць, што дзяржавы-члены ЕС уводзяць правілы, якія шкодзяць бізнесу з ЗША – чытаем на сайце Business Insider.

Паводле Офіса гандлёвага прадстаўніка ЗША, еўрапейскія законы прыводзяць да накладання падаткаў, штрафаў і прыняцця дырэктыў, накіраваных супраць амерыканскіх кампаній, у першую чаргу з тэхналагічнага сектара.

Амерыканскі бок падкрэслівае, што кампаніі з ЗША прапануюць грамадзянам ЕС шырокі спектр бясплатных паслуг, падтрымліваюць еўрапейскія фірмы і ствараюць мільёны працоўных месцаў у Еўропе, інвестуючы на суму больш за 100 мільярдаў долараў.

У Вашынгтоне адзначаюць, што ўжо шмат гадоў уздымаюць гэтыя пытанні ў дыялогу з Бруселем, але, паводле іх слоў, ЕС ігнаруе іх заўвагі. Адначасова падкрэсліваецца, што еўрапейскія кампаніі — у тым ліку Accenture, SAP, Siemens ці Spotify — дзесяцігоддзямі працуюць на рынку ЗША на роўных умовах.

ЗША папярэджваюць: калі палітыка Еўрасаюза не зменіцца, Амерыка можа ўвесці зборы або абмежаванні ў дачыненні да замежных паслуг. Пры гэтым адзначаецца, што аналагічная пазіцыя будзе ўжытая і да іншых краін, калі яны пойдуць шляхам ЕС.

нг