Паводле найноўшага дакладу PMR by Hume’s «Турыстычны рынак у Польшчы 2025», абʼём турыстычнага рынку амаль падвоіцца – з 97 млрд злотых у 2024 годзе да 171 млрд злотых у 2030 годзе.
Мяркуецца, што да 2030 года агульная колькасць гасцей, якія прыязджаюць у Польшчу з турыстычнай мэтай, вырасце з цяперашніх 99 млн да ажно 140 млн чалавек.
Палякі і замежныя госці будуць падарожнічаць часцей і ахвотней карыстацца прафесійнай інфраструктурай, замест таго каб абмяжоўвацца «базавым мінімумам», – гаворыцца ў аналізе.
Эксперты звяртаюць увагу на фундаментальныя змены ў структуры выдаткаў. Ва ўмовах скарачэння насельніцтва Польшчы (зніжэнне да 35,4 млн у 2030 годзе) будзе ўзмацняцца барацьба за «манетызацыю ўражанняў» турыстаў.
«Яны будуць накіроўваць усё большую частку свайго бюджэту на паслугі з высокай дабаўленай вартасцю – гастраномію, унікальныя рэкрэацыйныя атракцыі або начлег з павышаным стандартам. Спрыяць гэтаму будзе стабільная макраэканамічная сітуацыя: прагназаваны рост ВУП Польшчы прыкладна на 3 працэнты штогод і рэкордна нізкае беспрацоўе (ніжэй за 3 працэнты), што ператворыцца ў рост рэальных заробкаў і аднаўленне зберажэнняў палякаў», – чытаем у аналізе.
З даследаванняў вынікае, што палякі не кожную прапанову прымаюць – 59 працэнтаў з іх актыўна шукаюць акцыі і выгадныя прапановы. Аднак эканомія мае свае межы: больш за палову апытаных заяўляе пра гатоўнасць заплаціць больш, калі ўзамен атрымае ўнікальны досвед або паслугу прэміум-класа.
Гэта выразны сігнал для гатэльнага бізнесу і аператараў турыстычных абʼектаў: завяршаецца эпоха канкурэнцыі выключна нізкай цаной і пачынаецца час канкурэнцыі ўнікальнай вартасцю і эмоцыямі.
Змяняецца таксама мадэль адпачынку. Набіраюць папулярнасць паездкі тыпу city break і short stay (2–4 дні), якія дазваляюць хутка аднавіцца без неабходнасці браць працяглы адпачынак. Напрыклад, ажно 92 працэнты турыстаў, якія наведваюць горы, указваюць прыгожыя краявіды і кантакт з прыродай як галоўную мэту паездкі, яны шукаюць магчымасці ўцячы ад натоўпаў. Разам з тым яны чакаюць зручнага пражывання, добрых рэстарацый і эфектыўнай інфраструктуры.
Бум ў Малапольскім ваяводстве
Асаблівае месца на турыстычнай мапе Польшчы займае Малапольскае ваяводства, яно – лідар рынку. Гэты рэгіён генеруе найбольшы турыстычны рух і найвышэйшыя даходы, да 2030 года абʼём турыстычнага рынку ў гэтым ваяводстве дасягне 35 млрд злотых. Унікальная сінергія Кракава як глабальнага гарадскога брэнду і Татраў як топавай горнай кропкі робіць рэгіён устойлівым да сезоннасці і прыцягвае турыстаў цягам усяго года.
Малапольшча вылучаецца як галоўны бенефіцыяр уязнога турызму. Прагнозы паказваюць, што ў 2030 годзе ажно 35 працэнтаў турыстаў, якія карыстаюцца гатэлямі ў гэтым рэгіёне, будуць замежнымі гасцямі.
Побач з традыцыйнымі рынкамі, такімі як Вялікабрытанія (11,8 працэнта замежных турыстаў у рэгіёне) і Германія (9,7 працэнта турыстаў), усё больш моцную пазіцыю займаюць турысты з ЗША (8,6 працэнта турыстаў) і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (7,9 працэнта турыстаў).
Эксперты таксама звяртаюць увагу на ўсё большую ролю сеньёраў, то бок людзей сталага ўзросту ў турызме.
«Расце група спажыўцоў ва ўзросце 65+ – гэта новая, вялікая рынкавая ніша, так званая Silver Economy. Сеньёры, якія маюць стабільны даход і вольны час па-за пікам сезону, могуць стаць стабілізатарам даходаў для турыстычнай галіны», – гаворыцца ў аналізе PMR by Hume’s.
businessinsider.com.pl/вх