Беларуская Служба

Паліўны збор пойдзе на развіццё польскай чыгункі 

29.12.2025 17:43
Штогадовыя паступленні ад паліўнага збору, якія накіроўваюцца ў Фонд чыгункі, узрастуць з 2 млрд да 10 млрд злотых.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Інвестыцыі ў чыгуначную інфраструктуру  Польшчы маюць атрымаць доўгатэрміновую і стабільную фінансавую аснову. Пра гэта заявіў намеснік міністра інфраструктуры Пётр Малепшак у інтэрв’ю выданню Dziennik Gazeta Prawna. Ключавым элементам рэформы стане змяненне суадносін паміж акцызам і паліўным зборам у цане бензіну.

Як падкрэсліў Малепшак, дамоўленасці па гэтым пытанні ўжо дасягнутыя з Міністэрствам фінансаў. Пры гэтым агульная цана паліва для спажыўцоў не зменіцца: рост паліўнага збору адбудзецца за кошт адпаведнага зніжэння акцызы. Атрыманне дадатковых сродкаў дазволіць істотна павялічыць фінансаванне чыгуначных праектаў.

Паводле  Малепшака, штогадовыя паступленні ад паліўнага збору, якія накіроўваюцца ў Фонд чыгункі, узрастуць з 2 млрд да 10 млрд злотых. Гэта, на думку палітыка, дасць магчымасць адмовіцца ад практыкі аднагадовага бюджэтавання і забяспечыць галіне фінансавую стабільнасць.

Сродкі фонду плануецца выкарыстоўваць больш гнутка: зэканомленыя грошы можна будзе пераносіць на наступныя гады або накіроўваць на іншыя праекты. Як адзначае выданне, наступным этапам рэформы можа стаць дазвол Фонду чыгункі прыцягваць запазычанні, што яшчэ больш пашырыць інвестыцыйныя магчымасці на польскай чыгунцы. 

эж