Польская эканоміка ўсё мацней адчувае ціск з боку Кітая. Нацыянальны банк Польшчы (NBP) паведаміў, што ў трэцім квартале 2025 года быў зафіксаваны глыбокі спад экспарту электрычных акумулятараў, што звязана найперш з ростам паставак з КНР, пішуць на партале money.pl.
Пры гэтым у ўвесь польскі экспарт у трэцім квартале 20205 года паказаў першы рэальны рост пасля дзевяці кварталаў зніжэння. Найбольш істотна павялічыўся экспарт спажывецкіх тавараў, у прыватнасці адзення, абутку і гульнявых кансоляў. Да найвышэйшага за ўвесь час назіранняў узроўню вырас і экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі, чаму спрыяў рост цэн на сусветных рынках.
NBP таксама адзначае, што на высокім узроўні захавалася дынаміка экспарту камп’ютараў, якія адносяцца да інвестыцыйных тавараў. Аднак негатыўны ўплыў на агульныя паказчыкі мела скарачэнне продажаў транспартных сродкаў і камплектуючых, у тым ліку чарговы рэзкі спад экспарту акумулятараў. Паводле ацэнкі нацбанка Польшчы, гэта яскравы прыклад уздзеяння моцнай канкурэнцыі з боку кітайскіх вытворцаў.
Адначасова працягвае расці імпарт: у трэцім квартале 2025 года яго вартасць у злотых павялічылася на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, што стала пятым кварталам росту запар. Тэмпы, аднак, запаволіліся з-за зніжэння цэнаў на паліва і патаннення тавараў, што пастаўляюцца з Кітая.
Рост імпарту, як і раней, канцэнтраваўся пераважна ў сегменце спажывецкіх тавараў. Эксперты NBP мяркуюць, што гэта звязана з павелічэннем ролі рээкспарту ў міжнародным гандлі Польшчы.
эж