Беларуская Служба

Цяжэй за ўсё знайсці працу пасля 50-ці гадоў. Эксперты раяць, што рабіць, калі страцілі працу ў сталым узросце

03.01.2026 18:10
Кандыдаты 50+ усё яшчэ маюць найгоршую сітуацыю на рынку працы.
.
Беспрацоўе. Ілюстрацыя geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

У выданні Business Insider тэкст аб тым, што рынак працы ў Польшчы ўваходзіць у новую фазу, і адной з груп, якая найбольш адчувае гэтыя змены, з’яўляюцца сталыя людзі. Хоць прафесійны досвед павінен быць перавагай, кандыдаты 50+ усё яшчэ маюць найгоршую сітуацыю на рынку працы і шукаюць працу даўжэй за іншых. Паводле дадзеных Манітора рынку працы Randstad, асобы ва ўзросце 50–64 гадоў шукаюць працу ў сярэднім больш за сем месяцаў.

— Гэта, на жаль, не змянілася, — кажа Агнешка Опергальска (Agnieszka Operhalska) з фонду Heart and MindWisdom of Generations. Аднак яна падкрэслівае, што рынак пачынае пасылаць новыя сігналы. Працадаўцы сутыкаюцца з дэфіцытам кадраў, адтокам маладых супрацоўнікаў і высокай кадравай цякучасцю. У выніку яны ўсё часцей глядзяць у бок дасведчаных кандыдатаў.

Найбольш прапаноў для людзей 50+ сёння ў страхавой сферы, медыцыне, апецы і гандлі. Старэнне грамадства стварае попыт на паслугі і прадукты для сеньёраў, і тут практычны досвед аказваецца асабліва каштоўным.

— Хто лепш прадасць страхоўку, чым чалавек, які добра ведае жыццё і рэальныя патрэбы кліентаў? — задае рытарычнае пытанне экспертка Агнешка Опергальска.

Аднак праблемай застаецца форма занятасці. Працадаўцы ўсё радзей прапануюць класічны дагавор і працу на стаўку. Перадпенсійны ахоўны перыяд азначае для многіх кампаній — асабліва малых і сярэдніх — значную рызыку. Таму, замест пастаяннай працы, з’яўляюцца кантракты, праектная занятасць і часовыя дамовы. Гэты трэнд, дарэчы, датычыць не толькі старэйшых, але ўсё часцей і маладых работнікаў.

Эксперты адзначаюць, што найбольшыя шанцы маюць тыя, хто здольны гнутка падыходзіць да свайго прафесійнага досведу. Праблемай часта з’яўляецца не яго недахоп, а «замарожаныя» кампетэнцыі — шматгадовая праца ў тым самым коле абавязкаў.

— Не заўсёды патрэбна поўная перакваліфікацыя, але неабходна ўмець перакласці свой досвед на рэальныя патрэбы бізнесу і пастаянна вучыцца, — адзначае Опергальска.

Падтрымкай могуць стаць службы занятасці, фонды, а таксама бясплатныя курсы і кар’ернае кансультаванне, якіх у 2026 годзе павінна стаць больш. Важна аднак выбіраць надзейных кансультантаў — тых, хто адкрыта кажа, што змены патрабуюць працы над сабой.

нг