Беларуская Служба

У Войску Польскім паднялі заробкі. Стала вядома, колькі цяпер атрымаюць салдаты, афіцэры і генералы

06.01.2026 09:03
Сёлета на абарону і войска Польшча выдаткуе каля 5% ВУП.
        ()
Начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага генерал Веслаў Кукула (злева) і начальнік Аператыўнага камандавання Войска Польскага генерал рода войск Мацей КлішPAP/Radek Pietruszka

Пачынаючы са студзеня 2026 года салдаты і афіцэра Войска Польскага атрымаюць павышэнне заработнай платы. Нагадаем, у Польшчы – прафесійная армія, таму кожны, хто ў ёй служыць, атрымлівае заробак. 

Праект бюджэту на 2026 год прадугледжвае рэкордныя выдаткі на абарону. Урад выдзеліць на гэтыя мэты 200 млрд 100 млн злотых (больш за 47 млрд 500 млн еўра) альбо 4,81% ВУП. Гэта самы высокі ўзровень вайсковага фінансавання ў гісторыі.

Міністэрства абароны запрапанавала павышэнне зарплат на 3%, хоць прафсаюзы вайскоўцаў патрабавалі росту ў 12%. Рост заробкаў ахопіць усіх ваенных – ад радавых да генералаў.

Так, пасля павышэння салдаты і матросы будуць зарабляць прыкладна 5 тыс. злотых (амаль 1 тыс. 190 еўра) чыстымі, капралы і сяржанты – да 6 тыс. злотых (1 тыс. 425 еўра).

Павышэнне заробкаў таксама закране афіцэрскі склад. Са студзеня 2026 года падпаручнікі і паручнікі заробяць у сярэднім 7 тыс. 200 злотых (1 тыс. 710 еўра) «на рукі». Старэйшыя афіцэры атрымаюць больш значнае павышэнне заробкаў: падпалкоўнікі змогуць зарабіць да 10 тыс. злотых (2 тыс. 237 еўра) у месяц чыстымі, а палкоўнікі – да 11 тыс. злотых (2 тыс. 600 еўра) «на рукі».

А вось як будуць выглядаць заробкі генералаў. Так, брыгадны генерал (генерал-маёр – рэд.) заробіць каля 12 тыс. злотых (2 тыс. 850 еўра) чыстымі, а генерал арміі альбо адмірал флота – больш за 15 тыс. злотых (больш за 3 тыс. 500 еўра) «на рукі».

Акрамя заробку, вайскоўцы атрымліваюць надбаўкі, у прыватнасці, за стаж, займаемую пасаду, службу ў асаблівых умовах, а таксама сацыяльныя выплаты за змену месца службы, жыллё, разлуку з сям’ёй і інш. Надбаўкі і грашовыя выплаты складаюць 30-40% асноўнай зарплаты.

вс