Хутчэй за ўсё, чэшскі чыгуначны перавозчык RegioJet не так уяўляў сабе свой уваход на польскі рынак. План здаваўся ідэальным – увесці пілотныя трасы з верасня 2025 года, а затым запусціць поўны расклад з сярэдзіны снежня, паступова яго пашыраючы. Аднак усё, што магло пайсці не так, пайшло не так, паведамляе партал gazeta.pl.
За некалькі дзён да ўступлення ў сілу новага раскладу руху цягнікоў у снежні амаль палова запланаваных маршрутаў была RegioJet адмененая. Месца чэшскага перавозчыка заняла польская дзяржаўная чыгуначная кампанія PKP Intercity, якую раней RegioJet хацеў пацясніць.
Паводле кіраўніка Асацыяцыі транспартнай эканомікі Паўла Рыдзіньскага, «сутыкненне з рэальнасцю было жорсткім». У RegioJet хутка знайшлі тлумачэнне. Кампанія мяркуе, што ў яе паразе вінаватая PKP і яе «дыскрымінацыйная» практыка на польскім рынку. Аднак Рыдзіньскі адзначае, што з такім меркаваннем цяжка пагадзіцца. Чэшскаму перавозчыку далі добрае месца на польскім рынку, нават за кошт польскай чыгункі. Кампанія RegioJet атрымала ад Упраўлення чыгуначнага транспарту Польшчы ідэальныя маршруты і час адпраўлення цягнікоў з камерцыйнага пункту гледжання, прычым за кошт пазіцыі PKP Intercity. RegioJet меў вазіць пасажыраў на папулярных і загружаных трасах, на якіх расце пасажырапаток і дзе часам з'яўляюцца праблемы з набыццём білетаў. Аднак чэхі не справіліся – і цягнікоў за мала, і арганізацыйныя пытанні аказаліся не пад сілу.
На некалькіх маршрутах адбываюцца абсурдныя сітуацыі і затрымкі, выкліканыя «цягнікамі-прывідамі» RegioJet, якія чэшскі перавозчык тэарэтычна павінен быў запусціць. Са снежня, а потым са студзеня на трасе Кракаў-Гдыня мелі курсаваць тры цягнікі RegioJet. А ходзіць толькі адзін. Тым часам прысутнасць аднаго з «віртуальных» цягнікоў у раскладзе азначае, што рэгіянальны цягнік Polregio прымушаны рабіць 15-хвілінную стаянку на адной са станцыі. Таму што, згодна з раскладам, ён павінен прапускаць RegioJet. Чэшскі цягнік не ходзіць, але з-за таго, што расклад руху ўжо дзейнічае і яго не так лёгка змяніць, рэгіянальны цягнік прымушаны рабіць стаянку.
Падобныя сітуацыі адбываюцца і ў іншых рэгіёнах Польшчы, у тым ліку вакол Кракава. Павал Рыдзіньскі мяркуе, што чэшская кампанія была непадрыхтаваная на ўваход на польскі рынак.
вс