Энергетычнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Літвой уваходзіць у новую фазу. Як паведаміў намеснік міністра энергетыкі Літвы Габрыэль Гарбачэўскі, наступным этапам стане сінхранізацыя камерцыйнай сеткі перадачы электраэнергіі з выкарыстаннем падземнага кабеля, пракладзенага праз Сувалкскі калідор, чытам на biznesalert.pl. Менавіта гэты рэгіён адыграе ключавую ролю ў рэалізацыі праекта, які, сярод іншага, створыць умовы для перадачы энергіі з аднаўляльных крыніц.
Пра планы паглыблення супрацоўніцтва Гарбачэўскі заявіў у чацвер, 15 студзеня, падчас кангрэсу Energy Security у Варшаве. Палітык нагадаў, што да гэтага часу сінхранізацыя датычылася галоўным чынам тэхнічных аспектаў — балансавання сістэмы і падтрымання частаты. Важным момантам стала 9 лютага 2025 года, калі электраэнергетычныя сістэмы Літвы, Латвіі і Эстоніі былі сінхранізаваныя з сеткай кантынентальнай Еўропы праз злучэнне LitPol Link.
Цяпер аператары сістэм перадачы — Польскія электрасеткі (PSE) і літоўская кампанія Litgrid — рэалізуюць праект падземнага кабеля магутнасцю 700 МВт у раёне Сувалкскага калідора паміж Элкам і паўднёвай часткай літоўскай Сувалшчыны. Паводле літоўскага намесніка міністра, інвестыцыя павысіць энергетычную бяспеку рэгіёна і пашырыць магчымасці інтэграцыі аднаўляльных крыніц энергіі.
PSE таксама плануе будаўніцтва дзвюх падстанцый, што дазволіць падключаць новыя крыніцы генерацыі на паўночным усходзе Польшчы — у рэгіёне з даволі спрыяльнымі ветравымі ўмовамі. «Гэта інвестыцыя не толькі ўмацуе нашу сетку, але і зробіць яе больш зялёнай па абодва бакі мяжы», — падкрэсліў Гарбачэўскі.
Раней кіраўнік PSE Гжэгаж Аніхімоўскі назваў сінхранізацыю польскай і літоўскай энергасістэм гістарычнай падзеяй, адзначыўшы, што супрацоўніцтва працягнецца ў межах падрыхтоўкі новага праекта злучэння Poland–Lithuania Harmony Link, які яшчэ больш умацуе бяспеку ў рэгіёне.
эж