Акуляры прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, у якіх ён з’явіўся на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, аказаліся на 100% французскай вытворчасці. Перад пакупкай Елісейскі палац нават правёў праверку, каб упэўніцца ў іх паходжанні. Гэта мадэль Pacific S 01 Double Or Palladium ад люкс-брэнда Maison Henry Jullien, заснаванага ў 1921 годзе, чытаем на польскім партале energetyka24.com.
Нягледзячы на тое, што ў 2023 годзе кампанію набылі італьянскія ўладальнікі, уся лінейка «gold doubled» і сёння праектуецца і вырабляецца ў Францыі. Акуляры ствараюцца з выкарыстаннем рэдкай тэхнікі спалучэння золата з некаштоўным металам; штогод выпускаецца каля тысячы пар. Да гэтага часу «акуляры Макрона» каштавалі 659 еўра, але попыт рэзка вырас: сайт вытворцы нават часова перастаў працаваць, і цяпер замовіць можна толькі мадэль Pacific.
Паводле Елісейскага палаца, прычына, чаму прэзідэнт насіў акуляры ў Давосе, — не імідж і не альпійскае сонца, а падвышаная адчувальнасць да святла пасля кровазліцця ў вока.
Тым часам само выступ французскага лідара ў Давосе датычыўся значна шырэйшых тэм: будучыні еўрапейскай эканомікі, неабходнасці абараняць унутраны рынак і ўзмацняць гандлёвыя інструменты ў адказ на канкурэнцыю з Кітаем і ЗША. Макрон падкрэсліў, што Еўропа павінна развіваць уласную прамысловасць, у тым ліку ў сферы энергетыкі і высокіх тэхналогій, і не адмаўляцца ад цяжкай прамысловасці.
Сімвалічна, што гэты заклік прагучаў у французскіх акулярах — спраектаваных і вырабленых у самой Францыі. Але, як прызнаюць нават у Парыжы, адны люкс-аксэсуары не заменяць сістэмнай прамысловай палітыкі. Прэзідэнт Францыі падкрэсліў, што без узгодненых дзеянняў на ўзроўні Еўрапейскага Саюза бізнес не зможа канкурыраваць з амерыканскімі і азіяцкімі карпарацыямі. На яго думку, будучыня еўрапейскай эканомікі залежыць ад інвестыцый у інавацыі, энергетыку і стратэгічныя галіны вытворчасці, а не толькі ад адкрытасці рынкаў.
эж