Польшча стала адным з галоўных атрымальнікаў кітайскіх камплектуючых для дронаў пасля таго, як Пекін забараніў іх прамы экспарт ва Украіну і Расію. Як піша Dziennik Gazeta Prawna, пастаўкі не спыніліся, а проста змянілі маршрут — цяпер значная частка кітайскіх камплетуючых трапляе ва Украіну праз тэрыторыю Польшчы.
Кітай увёў адпаведныя абмежаванні ў верасні 2024 года, аднак попыт на беспілотнікі толькі вырас. Пры гэтым не толькі Украіна, але і польскія сілавыя структуры актыўна выкарыстоўваюць кітайскія кампаненты. Летась польская армія фактычна выкупіла большую частку даступных на рынку FPV-дронаў.
Як паведаміў намеснік міністр абароны Польшчы Цэзары Томчык, магчымасці фінансавання дазвалялі закупіць яшчэ каля дзвюх тысяч камплектаў, але на рынку ўжо не было прапаноў. Гэта сведчыць пра дэфіцыт і высокі попыт на дроны.
Польшча не збіраецца спыняцца: у найбліжэйшыя тры гады на дроны і сістэмы супрацьдзеяння ім плануецца выдаткаваць каля 15 млрд злотых (3,6 млрд еўра). Войска Польскае хоча набыць, у прыватнасці, 10 тысяч дронаў-камікадзэ Warmate і 1,7 тысячы разведвальных FlyEye. Для параўнання, ва Украіне ў 2026 годзе плануюць выпускаць да 8 мільёнаў дронаў штогод.
Кітайскія дроны застаюцца прывабнымі праз нізкі кошт — яны ў чатыры разы таннейшыя за амерыканскія і еўрапейскія аналагі. Аднак эксперты адзначаюць, што Польшча можа зменшыць залежнасць ад Кітая, калі дзяржава забяспечыць рэгулярныя і стабільныя заказы ўласным вытворцам.
эж