Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, узровень беспрацоўя ў снежні 2025 года склаў 5,7%. Гэта на 0,1% больш, чым у лістападзе, і на 0,6% больш — у гадавым вымярэнні. Эксперты Канфедэрацыі прадпрымальнікаў Lewiatan ацэньваюць сітуацыю як стабільную, але з выразнымі прыкметамі рынку, паведамляе biznesalert.pl.
У службах занятасці было зарэгістравана амаль 888 тысяч беспрацоўных — на 102 тысячы больш, чым год таму. Асаблівую трывогу выклікае рост колькасці доўгатэрміновых беспрацоўных: іх ужо больш за 334 тысячы, што на 12% больш, чым летась. Паводле эканаміста Канфедэрацыі прадпрымальнікаў Lewiatan Марыюша Зялёнкі, гэта сведчыць пра структурныя праблемы, звязаныя са старэннем працоўнай сілы і цяжкасцямі вяртання людзей старэйшага ўзросту на рынак працы.
На першы погляд рэзка скарацілася і колькасць вакансій: у снежні праз дзяржаўныя службы было заяўлена ўсяго 20,8 тысячы працоўных месцаў — найменш з 2010 года. Аднак, як тлумачаць эксперты, гэта ў значнай ступені вынік змен у заканадаўстве, якія скасавалі фармальныя абавязкі рэгістраваць частку прапаноў.
Рэальную сітуацыю лепш адлюстроўваюць прыватныя рэкрутынгавыя парталы, дзе ў снежні з’явілася амаль 189 тысяч аб’яў — усяго на 6% менш, чым год таму. У буйных гарадах, у тым ліку ў Варшаве, эксперты ўжо гавораць пра «рэкрутынгавую адлігу», тады як у меншых рэгіёнах рынак працы застаецца значна слабейшым.
эж