У мінулым годзе ў Польшчы назіраўся найбольшы рост колькасці паведамленняў у Дзяржаўную інспекцыю працы (поль. PIP) за некалькі гадоў. У нейкай ступені, гэта звязана з запланаванай рэформай інспекцыі, лічыць Dziennik Gazeta Prawna. Паводле дадзеных інспекцыі, у мінулым годзе было пададзена ў агульнай складанасці 50 500 скаргаў – гэта на 15 працэнтаў больш, чым годам раней.
Цікава, што пачатак мінулага года наогул не сведчыў аб такой тэндэнцыі. У першым квартале 2025 года было пададзена прыблізна 9 800 скаргаў, то бок на 400 менш, чым годам раней. Дык што ж адбылося пазней?
Паводле эксперта Business Centre Club Катажыны Лорэнц, да гэтага прычынілася, між іншым, планаваная рэформа Дзяржаўнай інспекцыі працы.
Аднак, паводле газеты, колькасць скаргаў не адлюстравалася непасрэдна на колькасці праверак. Тэмпы росту апошніх былі ў тры разы ніжэйшымі за колькасць паведамленняў, пададзеных у Дзяржаўную інспекцыю працы.
Акрамя 55 000 раней запланаваных праверак, інспектары правялі больш за 22 700 праверак на падставе паведамленняў. У папярэднім годзе іх было 21 500.
Дадзеныя Дзяржаўнай інспекцыі працы паказваюць, што працэнт скаргаў, якіх не ўдалося праверыць, склаў 32,6. Годам раней гэта было 23,8 працэнта. Амаль 30 працэнтаў скаргаў аказаліся неабгрунтаванымі.
Эксперт Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў прафесар Гражына Спытэк-Бандурска нагадвае, што ў 2025 годзе фіксаваўся рост запланаваных калектыўных звальненняў.
Паводле дадзеных Міністэрства па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі, чакалася, што яны закрануць 21 200 чалавек. Годам раней гэта было 16 800. Гэта адна з меркаваных прычынаў скаргаў у інспекцыю. Працадаўцы таксама запаволілі працаўладкаванне новых супрацоўнікаў, асцерагаючыся адмоўных тэндэнцый у эканоміцы.
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у канцы мінулага года ў службах занятасці на супрацоўнікаў чакала больш за 30 000 прапаноў працы. Годам раней іх было 51 000.
аз