Еўрапейскі аўтамабільны сектар перажывае глыбокі структурны крызіс, наступствы якога ўсё мацней адчувае і Польшча. За апошнія два гады ў галіне па ўсёй Еўропе было скарочана больш за 100 тысяч працоўных месцаў — больш, чым у самыя цяжкія месяцы пандэміі COVID-19. Эксперты папярэджваюць: гаворка ідзе не пра часовую рэцэсію, а пра сістэмныя змены, якія пагражаюць асновам прамысловай эканомікі рэгіёна, чытаем на партале forsal.pl.
Старшыня праўлення Таварыства дыстрыб’ютараў і вытворцаў аўтакампанентаў Польшчы (SDCM) Томаш Бэмбен называе асноўнымі прычынамі крызісу слабкі попыт, рост коштаў на энергію, ціск выдаткаў і рэгуляцыйную нявызначанасць. Паводле яго, еўрапейскі ланцуг паставак аўтапраму праходзіць «структурны перазапуск», на які дзяржавы Еўропы пакуль не знайшлі адказу.
Польшча, як адзін з ключавых цэнтраў вытворчасці аўтакампанентаў у ЕС, не застаецца ўбаку. Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, пасля другога квартала 2025 года рэнтабельнасць у сектары аўтапрамысловасці стала адмоўнай і дасягнула –15% супраць –6% годам раней. Гэта сведчыць пра істотнае паглыбленне страт.
Агульнай статыстыкі па скарачэннях у краіне пакуль няма, але ў другой палове 2025 года з’явіліся паведамленні пра запланаваныя звальненні ў такіх карпарацыях, як Bosch, ZF, Schaeffler і Stellantis, заводы якіх працуюць і ў Польшчы. Шэраг прадпрыемстваў часова спыняў вытворчыя лініі праз адсутнасць дастатковага попыту на прадукцыю.
Асаблівую ўразлівасць мае польская спецыялізацыя на рухавіках унутранага згарання. Каля 300 тысяч працоўных месцаў у краіне звязаныя менавіта з гэтай тэхналогіяй. Пераход да электрамабільнасці азначае скарачэнне попыту на традыцыйныя кампаненты — поршні, клапаны, фільтры — і кардынальную перабудову ланцугоў вытворчасці.
На думку экспертаў, без выразнай і паслядоўнай прамысловай палітыкі трансфармацыя можа ператварыцца не ў мадэрнізацыю, а ў дэіндустрыялізацыю. Для Польшчы гэта азначае рызыку страты не толькі працоўных месцаў, але і тэхналагічных кампетэнцый, якія фармаваліся дзесяцігоддзямі.
эж