Празрыстасць, адсочванне паходжання і строгія стандарты становяцца абавязковымі. Больш за тое, прадукты з дадатковай карысцю – для імунітэту, бадзёрасці, кагнітыўнай падтрымкі – выходзяць на першы план. Арганічнае харчаванне (арганіка) усё часцей спалучаецца з навукова абгрунтаванымі рашэннямі, што выразна прадэманстравала міжнародная выстава Biofach 2026.
Рост попыту на сертыфікаваную экалагічную сельскагаспадарчую прадукцыю сёння ўжо не проста тэндэнцыя – гэта сапраўдная норма еўрапейскага рынку. Спажыўцы ўсё часцей шукаюць не толькі «натуральнае», але менавіта пацверджанае сертыфікатам паходжанне, празрыстасць ланцужкоў паставак і гарантыі мінімальнага ўздзеяння на прыроду. Давер становіцца ключавой валютай рынку. Гэтыя трэнды выразна былі бачныя падчас міжнароднай выставы Biofach 2026, што традыцыйна праходзіць з 10 па 13 лютага ў нямецкім горадзе Нюрнбэрг. Гэта галоўная пляцоўка арганічнай харчовай індустрыі з усяго свету.
Сёлетняя выстава сабрала тысячы ўдзельнікаў з дзясяткаў краін і ўсіх кантынентаў, апроч Антарктыды. У Нюрнбэрг з’ехаліся фермеры, перапрацоўшчыкі, рытэйл, прадстаўнікі стартапаў і эксперты па сертыфікацыі. Праграма была вельмі насычанай і паказала галоўныя трэнды на рынку, кажа эколаг з фонду «Неруш Натура» Уладзімір Зуеў.
— Арыенцір на дэкарбанізацыю ўсёй гаспадаркі, у тым ліку сельскай гаспадаркі, існуе да цяперашняга часу, нягледзячы на супрацьдзеянне кансерватыўных колаў. Час паказаў, што спажыўцы зацікаўленыя перш за ўсё ў якаснай прадукцыі, якая не наносіць шкоду здароўю і навакольнаму асяроддзю. Арыенцір на развіццё менавіта арганічнай сельскай гаспадарцы ў ЕС застаецца.
Асобная ўвага надавалася пытанням празрыстасці і даверу: лічбавыя рашэнні для адсочвання паходжання прадукцыі, новыя стандарты сертыфікацыі, адаптацыя вытворцаў да зменлівых патрабаванняў рынку. Biofach 2026 паказаў: арганіка становіцца не нішай, а сістэмным сегментам глабальнай эканомікі. Арганічная прадукцыя – гэта мадэль адказнага бізнесу, кажа Міраслаў Романюк з фермерскай гаспадаркі «Корніна», якая кантралюе ўвесь ланцужок вытворчасці, а галоўным прыярытэтам застаецца якасць сыравіны і давер партнёраў.
— Мы вырошчваем травы – гэта асноўны напрамак нашай гаспадаркі. Але таксама ў нас ёсць садавіна, гародніна і іншыя культуры. На выставу мы прыехалі прадставіць і прадаваць нашу гатовую прадукцыю: травяныя гарбаты, сушаныя травы, ліафілізаваную садавіну і гародніну. У чым наша сіла? Рынак гарбаты і траў у Еўропе і ў свеце вельмі вялікі і канкурэнтны. Наша сіла – у ўнікальнасці. Мы цалкам абапіраемся на ўласную арганічную гаспадарку. Уся прадукцыя вырабляецца выключна з сыравіны, вырашчанай у адной экалагічнай гаспадарцы – без пасярэднікаў і змешвання сыравіны з розных крыніц. Мы вырошчваем папулярныя травы, такія як: мята, меліса, крапіва, ліст суніцы, шалфей, і ствараем уласныя духмяныя сумесі з кветак, пялёсткаў, траў і ліафілізаванай садавіны. Мы надаём увагу не толькі змесціву, але і знешняму выгляду – упакоўцы, Бо прэміяльны прадукт павінен быць бездакорным як унутры, так і звонку.
Сапраўды, усё больш польскіх вытворцаў арыентуюцца на тое, каб мець імідж якаснага еўрапейскага пастаўшчыка, зазначае прадстаўнік Нацыянальнага цэнтру падтрымкі сельскай гаспадаркі (KOWR) Эвеліна Валісенга.
— У выставе Biofach мы ўдзельнічаем ужо шмат гадоў. Сёлета наш стэнд займае больш за 300 квадратных метраў. На ім прадстаўлены 17 польскіх кампаній харчовай галіны, якія вырабляюць выключна арганічную прадукцыю. Калі гаварыць пра месца Польшчы на сусветным і еўрапейскім рынку арганічнай прадукцыі, то дакладныя параўнальныя дадзеныя прывесці складана. Усе краіны Еўрапейскага Саюзу ставяць перад сабой мэты па павелічэнні долі арганічнай вытворчасці – планавалася дасягнуць каля 25% да 2030 года. Пакуль гэтыя паказнікі яшчэ не дасягнуты, і мы працягваем працаваць у гэтым напрамку. Калі гаварыць пра сілу польскай арганічнай вытворчасці – гэта, безумоўна, якасць і смак. Дарэчы, і арганічная, і традыцыйная польская прадукцыя вядомыя сваім высокім узроўнем.
На выставе выразна было бачна, што ключавым напрамкам развіцця галіны арганічнага харчавання становіцца Экасертыфікацыя. Справа ў тым, што спажывец хоча бачыць канкрэтны вынік ад прадукту, а не толькі маркіроўку «bio». Людзі звяртаюць большую швагу на празрыстасць, кліматычную адказнасць і этычнасць вытворчасці, кажа Аляксандра Радзіні з швейцарскай кампаніі Foreverland.
— Усё больш спажыўцоў спыняюцца, каб уважліва прачытаць склад, і хочуць дакладна ведаць, што ўваходзіць у іх харчовыя прадукты. Па-другое, узмацняецца попыт на функцыянальныя інгрэдыенты. Гэта можа быць паніжанае ўтрыманне цукру, адсутнасць кафеіну або цяжкіх металаў, альбо прадукты, якія адпавядаюць пэўным дыетычным патрэбам чалавека. Таксама для многіх важна, каб прадукт адпавядаў іх каштоўнасцям – напрыклад, быў выраблены з мясцовай сыравіны. І яшчэ адзін важны момант: спажыўцы хочуць, каб такія характарыстыкі былі натуральнай часткай прадукту, без неабходнасці пераплачваць значную суму толькі за «прэміяльнасць».
На першы план выходзяць прадукты з дадатковай карысцю выходзяць, дадае Уладзімір Зуеў.
— Размова ішла пра грыбы, якія могуць быць крыніцай бялка і розных біялагічных актыўных рэчываў. Таксама ўсё больш папулярнымі на еўрапейскім рынку становяцца прадукты з насякомых. З гэтага робяцца бялковыя дадаткі да ежы, асабліва для людзей з алергічнымі ды імуннымі захворваннямі.
Арганіка ўсё часцей спалучаецца з навукова абгрунтаванымі рашэннямі. Будучыня ў сінергіі натуральных інгрэдыентаў і сучасных даследаванняў, кажа заснавальнік фірмы Nutraway Алівер.
— Нашая кампанія спецыялізуецца на вытворчасці грыбных экстрактаў у Польшчы, і мы самі вырошчваем сыравіну ў Польшчы – вырошчваем нашы грыбы, ажыццяўляем экстракцыю, перапрацоўку і ўпакоўку. Чаму мы гэта зрабілі, бо зразумелі, што спажыўцы шукаюць лакальныя арганічныя прадукты, і ўсвядомілі, што ў нашым рэгіёне няма такога вытворцы. Важнасць экалагічнага сертыфікату, акрамя галіновых стандартаў, на маю думку, з кожным днём становіцца ўсё больш значнай у сучасных умовах Чаму? Таму што спажывец гатовы заплаціць за прадукт, але ён хоча дакладна ведаць, як ён быў выраблены, адкуль паступае і якое яго паходжанне. Дзякуючы гэтаму фармуецца давер – не толькі ўнутры галіны, але і з боку спажыўцоў, якія ведаюць, што такія прадукты з’яўляюцца экалагічнымі, не ўтрымліваюць цяжкіх металаў, пестыцыдаў і розных іншых хімічных рэчываў, што, на жаль, даволі распаўсюджана на рынку, асабліва сярод прадуктаў штодзённага спажывання.
Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя – стабільны рост сегмент baby food і прадуктаў для людзей з асаблівымі патрэбамі. Бацькі гатовыя інвеставаць у якасць і бяспеку, кажа Міндаўгаc Гудайціс з літоўскай кампаніі Mamuko.
— 90–100% дзіцячых каш на рынку – гэта хуткарастваральныя прадукты. Мы пачалі з зусім іншай канцэпцыі. Нашы кашы не вырабляюцца з выкарыстаннем тэхналогіі экструзіі. Дзякуючы гэтаму сыравіна захоўвае ўсе свае натуральныя ўласцівасці – зерне застаецца цэльным, з усімі вітамінамі і мінераламі, нічога не «знікае» ў працэсе апрацоўкі.Калі літоўскія мамы зразумелі гэтую канцэпцыю і яе перавагі, наш бізнес пачаў актыўна расці. На сённяшні дзень мы займаем каля 60% літоўскага рынку арганічных дзіцячых каш – паводле дадзеных Nielsen. Гэта адбываецца таму, што мамы зразумелі нашу канцэпцыю і ўсвядомілі, што гэта, можна сказаць, адзін з найлепшых спосабаў пачынаць прыкорм дзіцяці.
Новым стандартам становіцца ўстойлівая ўпакоўка. Біяраскладальныя матэрыялы, мінімізацыя пластыку, перапрацоўка – не дадатковая перавага, а звычайны кампанент прадукту, тлумачыць Уладзімір Зуеў.
— Гэта матэрыял, які звязаны з расліннымі валокнамі, яго лёгка вырабляць, і ён раскладаецца без наступстваў. Гэта драўніна, трыснёг, бульба, альбо папера. Пластык разглядаецца як упакоўка шматразовага выкарыстання без шкодных рэчываў.
Іншы важны трэнд – спалучэнне лакальнасці і глабальнасці. Пакупнікі аддаюць перавагу мясцовым прадуктам, але пры гэтым глабальныя пастаўкі застаюцца ключавымі для збалансаванасці рынку. Добры прыклад Новая Зеландыя, якая пастаўляе на еўрапейскі рынак мёд. Распавядае, прадстаўнік кампаніі TranzAlpine Юрый. Аўтэнтычнасць – галоўная канкурэнтная перавага новазеландскага мёду.
— Новая Зеландыя не абавязкова вырабляе самы вялікі аб’ём арганічнага мёду ў свеце ў колькасным выражэнні. Аднак па вартасці, верагодна, менавіта Новая Зеландыя вырабляе мёд на найбольшую суму – дзякуючы папулярнасці мёду манука ў прыватнасці. У Новай Зеландыі налічваецца прыкладна 500 000 пчаліных вулляў.
Што цікава, Украіна застаецца важным пастаўшчыком арганічнай сыравіны на еўрапейскі і сусветны рынкі, кажа старшыня Праўлення Федэрацыі арганічнага руху Украіны Яўген Мілаванаў.
— Украіна ўжо больш за 20 гадоў яна застаецца адным з вядучых пастаўшчыкоў арганічнай сельскагаспадарчай сыравіны – зерневых, бабовых, алейных культур, сланечнікавага алею, а таксама ягад. Нягледзячы на вайну, Украіна не скараціла аб’ёмы вытворчасці і экспарту арганічнай прадукцыі, хоць геаграфія паставак змянілася. У 2022–2023 гадах большыя аб’ёмы былі накіраваныя ў ЕС, а ў 2025–2026 гадах адноўлены і пашыраны пастаўкі ў краіны Блізкага Усходу, ЗША і Канаду. Адначасова пашыраецца не толькі геаграфія, але і асартымент экспартаванай прадукцыі. Нягледзячы на тое, што больш за 20% тэрыторыі Украіны знаходзіцца пад часовай акупацыяй і частка арганічных гаспадарак страчана, краіна працягвае развіваць арганічную сельскую гаспадарку
Biofach 2026 прадэманстраваў: арганічны сектар выходзіць на новы этап развіцця. Гэта ўжо не проста трэнд, а сістэма каштоўнасцяў, у якой спалучаюцца якасць, адказнасць і доўгатэрміновае бачанне будучыні.
уз/юл