Еўрапейскія краіны рыхтуюцца да распрацоўкі новай высокадакладнай зброі далёкага радыусу дзеяння. Польшча разам з Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй і Швецыяй далучылася да міжнароднага праекта па стварэнні баражуючых боепрыпасаў з далёкасцю да 500 кіламетраў, паведамляе forsal.pl. Адпаведнае пагадненне было падпісана ў Бруселі на палях сустрэчы міністраў абароны НАТА.
Праект рэалізуецца ў межах ініцыятывы European Long Range Strike Approach (ELSA), накіраванай на развіццё канвенцыйных сістэм далёкага ўдару. У экспертным асяроддзі праграма вядомая як One Way Effector 500 Plus (OWE 500+). На першым этапе плануецца правесці даследаванне тэхнічнай і эканамічнай мэтазгоднасці стварэння адзінай недарагой платформы, здольнай інтэгравацца з нацыянальнымі баявымі часткамі краін-удзельніц.
Асаблівую ўвагу ў еўрапейскім праекце надаюць ролі Польшчы. Вытворчасць боепрыпасаў плануецца арганізаваць непасрэдна ў краінах-карыстальніках, у тым ліку на польскіх прадпрыемствах абароннай прамысловасці. Гэта дазволіць аператыўна нарошчваць выпуск і забяспечыць дыверсіфікацыю вытворчых магутнасцяў у выпадку канфлікту.
Паводле нямецкага вайсковага партала Hartpunkt, OWE 500+ змогуць несці баявую частку масай каля 50 кілаграмаў і наносіць дакладныя ўдары на адлегласці да 500 кіламетраў. Разглядаецца магчымасць выкарыстання стандартных артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм у якасці баявых частак, што павінна знізіць кошт сістэмы. Мяркуецца, што цана аднаго комплексу складзе пяцізначную суму ў еўра.
Сістэмы плануецца зрабіць дастаткова аўтаномнымі: яны змогуць паражаць загадзя зададзеныя цэлі без ручнога навядзення, што дазволіць аднаму аператару адначасова кіраваць некалькімі боепрыпасамі.
эж