Цэны на кватэры ў Варшаве, Кракаве і Гданьску дасягнулі ўзроўню, які знаходзіцца па-за фінансавымі магчымасцямі многіх маладых людзей, паведамляе партал Gazeta.pl. Тым часам з дадзеных партала RynekPierwotny.pl вынікае, што ўсяго за дзясятак кіламетраў за межамі горада можна купіць падобную нерухомасць на траціну танней.
У 2025 годзе амаль ва ўсіх польскіх вялікіх гарадах сярэдні кошт квадратнага метра вырас, у некаторых, напрыклад, у Гданьску, ажно на 10%. У Кракаве жылая нерухомасць падаражала на 6%, у Варшаве – на 8%, а ва Уроцлаве – на 7%.
У Варшаве сярэдняя цана квадратнага метра ў забудоўшчыкаў склала на канец студзеня 2026 года 19 тыс. злотых (4 тыс. 500 еўра). Тым часам у гарадах-спадарожніках Варшавы, размешчаных каля сталіцы у 10-20 км, сярэдні кошт склаў 11 тыс. 800 злотых (2 тыс. 800 еўра) за квадратны метр. Атрымліваецца, што што гэта на траціну менш. Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых буйных польскіх гарадах.
У буйных гарадах краіны найбольшай папулярнасцю карыстаюцца двухпакаёвыя кватэры. У Варшаве сярэдні кошт такой кватэры актуальна складае каля 798 тыс. злотых (амаль 190 тыс. еўра). Тым часам у гарадах-спадарожніках падобная кватэра каштуе 560 тыс. злотых (133 тыс. еўра). Такім чынам, розніца даволі адчувальная.
А як выглядаюць цэны ў Варшаве ў залежнасці ад раёну? Так, у цэнтральным раёне Сьрудмесце сярэдні кошт квадратнага метра ў забудоўшчыка 40 тыс. 800 злотых (больш за 9 тыс. 600 еўра). На ўскраінах горада, у першую чаргу ў такіх раёнах, як Бялалэнка, Вавер і Рэмбертаў, квадратны метр новых кватэр каштуе ў сярэднім менш за 14 тыс. злотых (3 тыс. 325 еўра).
вс