Беларуская Служба

Польшча на першым месцы ў Еўропе па прывабнасці інвестыцый у вытворчасць паўправаднікоў

16.03.2026 14:00
Асаблівую ролю ў гэтай экасістэме плануе адыграць цэнтральная Польшча: у Лодзскім ваяводстве ўжо дзейнічае каля ста кампаній электроннай галіны.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Peshkova

Польшча хоча ўдзльнічаць у гульні за будучыню — піша штодзёнка Rzeczpospolita. Краіна мае значны патэнцыял для развіцця індустрыі паўправаднікоў і імкнецца заняць важнае месца ў еўрапейскай тэхналагічнай экасістэме.

Крызіс на рынку паўправаднікоў у 2020–2023 гадах паказаў, наколькі моцна еўрапейская эканоміка, асабліва аўтамабільная прамысловасць, залежыць ад паставак з Азіі. Толькі ў 2021 годзе дэфіцыт чыпаў каштаваў сусветнай аўтамабільнай індустрыі каля 210 млрд долараў страчаных даходаў. З канвеераў не сышло больш за 11 мільёнаў аўтамабіляў. Парушэнні лагістычных ланцужкоў прывялі ў Еўропе да прыпынення вытворчасці: на буйных заводах у Германіі, Францыі і Італіі выпуск прадукцыі падаў на дзясяткі працэнтаў.

У адказ Еўрапейскі Саюз прыняў European Chips Act — праграму коштам 43 млрд еўра, якая павінна да 2030 года падвоіць долю Еўропы ў сусветнай вытворчасці паўправаднікоў да 20%. Аднак, паводле ацэнкі Еўрапейскай падліковай палаты, з улікам цяперашняга ўзроўню інвестыцый у вытворчыя магутнасці дасягненне гэтай мэты выглядае малаверагодным. Найноўшыя прагнозы сведчаць, што да 2030 года доля ЕС на глабальным рынку чыпаў вырасце толькі да 11,7%.

Для  Польшчы еўрапейская праграма можа стаць важным шанцам. Паводле даследавання кампаніі K+Research, праведзенага летась, больш за палову апытаных лічаць краіну прывабным месцам для буйных высокатэхналагічных інвестыцый. Акрамя кібербяспекі і штучнага інтэлекту, адным з найбольш перспектыўных напрамкаў называюць менавіта вытворчасць чыпаў.

Патэнцыял пацвярджае і справаздача кансалтынгавай кампаніі Kearney: Польшча займае першае месца ў Еўропе і пятае ў свеце па прывабнасці інвестыцый у back-end вытворчасць паўправаднікоў — ключавую для сучаснай электронікі і развіцця штучнага інтэлекту.

На пачатку сакавіка пачаліся міжведамасныя кансультацыі па ўрадавым дакуменце «Польшча ў гульні за будучыню — палітыка для сектара паўправаднікоў 2026+». Стратэгія прадугледжвае выкарыстанне рэгіянальнага патэнцыялу, навуковай базы ўніверсітэтаў і ўлік геапалітычных выклікаў. Асаблівую ролю ў гэтай экасістэме плануе адыграць цэнтральная Польшча: у Лодзскім ваяводстве ўжо дзейнічае каля ста кампаній электроннай галіны, а Бэлхатаў разглядаецца як пляцоўка для новай прамысловасці.

эж