Польшча застаецца прывабнай для замежных прадпрымальнікаў. У 2025 годзе іншаземцы зарэгістравалі тут 10,5 тысячы кампаній — гэта трэці найлепшы вынік у гісторыі і амаль на 5% больш, чым летась, паведамляе Puls Biznesu.
Лідарамі застаюцца грамадзяне Украіны — яны заснавалі 3,2 тысячы фірмаў, утрымаўшы пазіцыі папярэдняга года. На другім месцы беларусы — 1370 кампаній. Трэцяе месца занялі кітайцы (610), якія падняліся з пятай пазіцыі. Далей ідуць немцы (514), туркі (486), індыйцы (299), брытанцы (256), чэхі (199), грузіны (191) і італьянцы (167).
Найбольш папулярнай сферай для бізнесу застаецца грамадскае харчаванне — у гэтым сектары з’явілася 694 новыя кампаніі. На другім месцы — транспартныя паслугі (484), на трэцім — будаўніцтва (480). Таксама замежнікі часта адкрываюць ІТ-кампаніі (380), кансалтынгавыя фірмы (308), агенцтвы часовай занятасці (225) і прадпрыемствы гуртавога гандлю (224).
Эксперты адзначаюць, што стабільная эканоміка, вялікі ўнутраны рынак і зручнае геаграфічнае становішча робяць Польшчу прывабнай для бізнесу. Дадатковым фактарам з’яўляецца міграцыя — многія замежнікі не толькі працуюць у краіне, але і адкрываюць уласныя прадпрыемствы, умацоўваючы эканамічныя сувязі і ствараючы новыя працоўныя месцы.
эж