Нямецкія СМІ паведамілі пра перамовы паміж глабальным канцэрнам Stellantis і нямецкім Volkswagen Group, якія, як чакаецца, прывядуць да набыцця нямецкай групай марак Alfa Romeo і Maserati, паведамляе партал Francuskie.pl.
На першы погляд здавалася, што Stellantis не меў ідэі наконт развіцця двух культавых брэндаў. З іншага боку, у бізнесе на першым месцы – прыбытковасць, а Alfa Romeo і Maserati – нішавыя маркі, якія ніколі не прыносілі вялікіх фінансавых паступленняў.
«Асабіста я раней лічыў, што Maserati, і перш за ўсё Alfa Romeo, застануцца ў структуры канцэрну Stellantis, які мае італьянскі радавод. Але свет змяняецца, і сёння ўсе сцэнары бяруцца пад увагу», – піша журналіст парталу.
Нямецкія СМІ паінфармавалі, што перамовы паміж групай Volkswagen і Stellantis знаходзяцца на завяршальным этапе. Старшыня праўлення нямецкага канцэрну Олівер Блюм сказаў, што «Alfa Romeo і Maserati будуць дапаўняць нашу лінейку марак, якая ўжо ўключае і паспяхова развівае такія брэнды, як Lamborghini і Ducati». Паводле кіраўніка нямецкай кампаніі, дадаўшы Maserati і Alfa Romeo, канцэрн запрапануе сваім кліентам аўто з крыху ніжэйшых сегментаў, чым Lamborghini, але дзякуючы гэтаму нямецкі вытворца зможа мець у сваім партфоліа маркі з розных сегментаў для прыхільнікаў італьянскай аўтаіндустрыі.
Партал піша, што пакуль невядома, якая будучыня чакае Alfa Romeo і Maserati. Наколькі моцна яны будуць інтэграваныя ў нямецкі канэрн? Ці італьянскія маркі атрымаюць шырокую незалежнасць? Журналіст выдання мяркуе, што, хутчэй за ўсё, легендарныя аўто з Італіі будуць у вялікай ступені мець шмат агульнага з іншымі брэндамі нямецкага канцэрну, але пры гэтым захаваюць свой італьянскі стыль.
«Асабіста мне не падабаецца тое, што Alfa Romeo і Maserati стануць уласнасцю нямецкай кампаніі. Я баюся, што яны страцяць свой італьянскі шарм, стыль і свежасць на карысць нямецкага кансерватызму», – зазначае журналіст парталу Francuskie.pl.
вс