Нягледзячы на тое, што лідарам па ўзроўні заробкаў у Польшчы застаецца Варшава, у лютым 2026 года вышэйшыя сярэднія заробкі ў сярэдніх і буйных прадпрыемствах былі ў Кракаве. Як паведамляе «Rzeczpospolita» са спасылкай на дадзеныя GUS, у сталіцы Малапольшчы можна было зарабіць у сярэднім 11,6 тыс. злотых брута, у Варшаве – 11,2 тыс. злотых.
У Гданьску і Познані заробкі перавышалі 10 тыс. злотых брута. У Катавіцах яны складалі 9,7 тыс. злотых. У Ольштыне, Беластоку і Гожаве Велькапольскім сярэдні заробак быў крыху ніжэйшы за 8 тыс. злотых. Самыя нізкія паказчыкі зафіксавалі ў Кельцах — 7,57 тыс. злотых.
За год сярэднія заробкі ў Варшаве і Кракаве выраслі амаль на 700 злотых, а ў Кельцах — на 365 злотых. Розніца паміж самымі высокімі і самымі нізкімі заробкамі ў ваяводскіх гарадах складала крыху больш за 4 тыс. злотых. Гаворка ідзе пра сумы брута — заробак «на рукі» звычайна на 25–30% меншы.
Найлепшая сітуацыя традыцыйна ў ІТ, тэлекамунікацыях і навукова-тэхнічнай сферы, аднак у розных гарадах аплата адрозніваецца. У Беластоку і Кельцах у ІТ можна было зарабіць на адну пятую больш, чым сярэдні ўзровень па горадзе, у Гданьску — прыкладна на 10% больш, а ў Познані — на ўзроўні сярэдняга.
У лютым у сектары прадпрыемстваў у Кракаве працавалі каля 248 тыс. чалавек, а ў Варшаве — больш за 1,1 млн.
нг