Беларуская Служба

Міністр фінансаў: Польшча ў свеце ўспрымаецца, як сімвал поспеху 

16.04.2026 15:03
«Польшча чарговы год запар паказвае ўстойлівасць да глабальных узрушэнняў, нам удаецца падтрымліваць высокія тэмпы эканамічнага росту».
Аўдыё
  • Міністр фінансаў: Польшча ў свеце ўспрымаецца, як сімвал поспеху 
  ()
Цэнт Варшавы (ілюстрацыя)Shutterstock/RossHelen

Замежныя партнёры і інвестары ўспрымаюць Польшчу як краіну эканамічнага поспеху яшчэ больш, чым у папярэднія гады, — заявіў міністр фінансаў Анджэй Даманьскі ў інтэрв’ю Польскаму радыё. Палітык знаходзіцца ў Вашынгтоне, дзе ўдзельнічае ў веснавым саміце Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.

Падчас самітаў Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду заўсёды з’яўляюцца нейкія «чорныя хмары» на гарызонце: ці то пандэмія COVID, ці вайна ва Украіне, ці рост інфляцыі ў свеце. Сёлета — вайна ў Іране. Наколькі цёмныя гэтыя «хмары», звязаныя з вайной у Іране?

— Гэта сапраўды так. Звычайна, калі мы тут, у Вашынгтоне, заўсёды нешта адбываецца. Памятаю, што год таму ў гэты час мы мелі справу з мытнымі тарыфамі, уведзенымі амерыканскай адміністрацыяй. Вядома, сітуацыя на Блізкім Усходзе выклікае занепакоенасць. Высокія цэны на нафту перакладаюцца на больш высокія цэны на аўтазапраўках па ўсім свеце. На шчасце, Польшча добра падрыхтаваная. Па-першае, наша эканоміка ўвайшла ў гэты перыяд турбулентнасці з вельмі высокай дынамікай росту ВУП і нізкай інфляцыяй. Гэта стварае своеасаблівую «падушку бяспекі». Па-другое, кошты на аўтазапраўках удалося стрымаць дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Дзякуючы ўрадавай праграме  мы знізілі ПДВ, знізілі акцызу, і ў выніку кошты на аўтазапраўках не такія высокія, як былі б без гэтай праграмы.

Міжнародны валютны фонд папярэджвае, што калі спраўдзіцца «чорны сцэнар» — калі канфлікт будзе зацягвацца і абвастрацца, — гэта можа моцна паўплываць на сусветную інфляцыю і эканамічны рост. Калі б аказалася, што нафта на сусветных рынках каштуе 150–200 долараў, ці змагла б Польшча працягваць датаваць цэны на паліва?

— Мы, безумоўна, вельмі ўважліва аналізуем сітуацыю. Мы ўжо прынялі рашучыя меры для зніжэння коштаў на аўтазапраўках. Спадзяюся, што такі негатыўны сцэнар не рэалізуецца. Пакуль у апошнія дні мы назіраем хутчэй зніжэнне цэн на рынку нафты, што звязана з рэжымам спынення агню і перамовамі паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Іранам. Ведаем, што да гэтых размоў далучыўся і Ліван. Рынак успрымае гэта пазітыўна. Спадзяюся, што такі негатыўны сцэнар не рэалізуецца. Мы пастаянна аналізуем сітуацыю.

— Міжнародны валютны фонд таксама папярэджвае пра высокі бюджэтны дэфіцыт Польшчы. Ці моцна гэта вас турбуе, як міністра фінансаў?

— Вядома, я хацеў бы, каб дэфіцыт быў ніжэйшы, як і ўзровень запазычанасці. Хаця варта адзначыць, што польскі доўг па-ранейшаму істотна ніжэйшы за сярэдні ўзровень у ЕС, які перавышае 80% ВУП. Але, безумоўна, наша задача — паступова скарачаць дэфіцыт. Мы выдаткоўваем 5% ВУП на абарону — гэта каля 200 мільярдаў злотых штогод, бо бяспека з’яўляецца прыярытэтам нашага ўрада. І гэта галоўная прычына павышанага дэфіцыту.

— Ці чуеце вы занепакоенасць з боку прадстаўнікоў Міжнароднага валютнага фонду або іншых міністраў, з якімі сустракаецеся тут, у Амерыцы?

— Я таксама сустракаюся тут з інвестарамі — людзьмі, якія кіруюць найбуйнейшымі фондамі і купляюць польскія дзяржаўныя аблігацыі. Я не чую такога занепакоення. Хутчэй бачу разуменне таго, што Польшча павінна выдаткоўваць сродкі на бяспеку і ўзбраенне. І, што вельмі важна і што тут усе адзначаюць, — мы захоўваем высокую дынаміку росту нашай эканомікі.

— Ці застаецца Польшча прыкладам эканамічнага поспеху?

— Сёлета, напэўна, нават больш, чым калі-небудзь раней. Польшча ўжо чарговы год запар паказвае, што мы ўстойлівыя да глабальных узрушэнняў, што нам удаецца падтрымліваць высокія тэмпы эканамічнага росту, самы нізкі ўзровень беспрацоўя ў Еўрапейскім Саюзе і стрыманую інфляцыю. Усё гэта выклікае тут велізарную павагу. І гэта заслуга цяжкай працы палякаў, польскіх прадпрымальнікаў. Дзякуючы гэтаму Польшча ўрэшце далучылася да групы G20. Упершыню мы будзем удзельнічаць у сустрэчах G20 у статусе паўнапраўнага члена. Мы будзем сядзець за сталом, дзе прымаюцца найважнейшыя рашэнні для сусветнай эканомікі — не толькі польскай ці еўрапейскай, але глабальнай. І гэта, думаю, падстава для гонару для ўсіх нас.

— Учора вы сустракаліся з гандлёвым прадстаўніком ЗША. Сёння павінна адбыцца або ўжо адбылася сустрэча з міністрам гандлю. Ці вынікне з гэтых размоў нейкая стабільная палітыка Злучаных Штатаў у гандлёвых адносінах з Еўропай і Польшчай? Бо з заяваў і публікацый Дональда Трампа ў сацыяльных сетках гэтага абсалютна не відаць.

— Сустрэча з міністрам гандлю яшчэ наперадзе. Што да размоў, якія я ўжо правёў з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, то найперш я чую, што Польшча з’яўляецца ключавым партнёрам Злучаных Штатаў, у тым ліку ў эканамічным вымярэнні. Мы, вядома, гаворым пра мыты, пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, пра G20 — нагадаю, што Польшча ўдзельнічае ў гэтым фармаце па запрашэнні амерыканскага старшынства. Не мая роля каментаваць допісы ў сацыяльных сетках — мая задача весці сур’ёзныя размовы пра польскую і амерыканскую эканомікі, а таксама пра тое, як павялічыць гандлёвы абмен паміж нашымі краінамі. Вядома, я рады, што ўздзеянне павышаных амерыканскіх мытаў на Польшчу абмежаванае і што польская эканоміка не пацярпела так моцна ад іх увядзення адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа. Але гэта таксама вынік таго, што мы экспартуем у ЗША менш, чым дазваляе патэнцыял нашай эканомікі. І пра гэта я таксама буду размаўляць з міністрам гандлю.

Слухайце аўдыё!

iar/эж


Еўракамісія плануе скараціць бюракратыю

16.02.2026 12:22
3,9% работнікаў у ЕС занятыя выкананнем рэгулятарных патрабаванняў, і толькі 1,7% — даследаваннямі і распрацоўкамі.

Хімічная галіна б’е трывогу: Еўропа губляе прамысловасць

18.02.2026 12:44
Паводле дадзеных Еўрапейскай рады хімічнай прамысловасці (CEFIC), у Еўропе ўжо закрыта хімічных магутнасцяў на 37 млн тон.