У сувязі з геапалітычнай сітуацыяй у нашым рэгіёне, а таксама ў свеце, у Польшчы ў апошні час вялікая ўвага надзяляецца арміі і вайскоўцам. Войска Польскае, якое дзейнічае на прафесійнай аснове, не толькі праводзіць мадэрнізацыю, але таксама стараецца прыцягнуць на службу салдат і афіцэраў. У тым ліку і фінансамі, а сярод грашовых фактараў – выхад на ранейшую пенсію.
У Польшчы вайсковец можа ісці на заслужаны адпачынак, праслужыўшы 15 гадоў. Канешне, калі існуе жаданне і няма супрацьпаказанняў, то можа служыць далей. Партал WP зірнуў на правілы прызнання вайсковых пенсій і іх памер. Так, пасля 15 гадоў службы вайсковец атрымае пенсію ў памеры 40% ад апошняга акладу. Пасля 25 гадоў службы яе памер складзе 60% ад акладу. Калі ж ваенны вырашыць застацца служыць, дасягнуўшы вайсковага пенсійнага ўзросту, то за кожны год у войску налічваюцца дадаткова 3% ад апошняга акладу. Існуе таксама верхняя планка пенсіі – гэта 75% ад апошняй зарплаты.
У 2025 годзе сярэдняя вайсковая пенсія складала амаль 6 тыс. 400 злотых без выліку падаткаў і збораў. На рукі – 5 тыс. 356 злотых (амаль 1 тыс. 280 еўра). У сярэднім атрымліваецца, што пенсія старэйшых афіцэраў складае 6 тыс. 778 злотых на рукі (больш за 1 тыс. 600 еўра), малодшых – 4 тыс. 684 злотыя чыстымі (больш за 1 тыс. 110 еўра), унтэр-афіцэраў – 3 тыс. 618 злотых (860 еўра), а салдат – 3 тыс. 144 злотыя (750 еўра).
Вайсковыя пенсіі выплочваюцца не са сродкаў Фонду сацыяльнага страхавання, а з бюджэту Міністэрства абароны Польшчы.
вс