Беларуская Служба

Аўтаканцэрн Stellantis мяняе стратэгію. На першым месцы – чатыры галоўныя маркі

04.05.2026 18:15
Stellantis застаецца адным з самых складаных аўтамабільных канцэрнаў у свеце, які ўключае ажно 14 аўтабрэндаў.
Alfa Romeo Giulia
Alfa Romeo Giuliapixabay.com/goran_anicic/free commercial use license

Глабальны аўтаканцэрн Stellantis, у склад якога ўваходзіць 14 брэндаў, рыхтуе адну з найбуйнейшых змен у стратэгіі з моманту стварэння ў 2021 годзе. Новы бізнес-план выразна фаварызуе чатыры маркі, паведамляе партал Elektromobilni.

Генеральны дырэктар канцэрну Антоніа Філоза, які яго ўзначаліў год таму, плануе сканцэнтраваць фінансаванне ў першую чаргу на брэндах з найбольшым глабальным значэннем і найвышэйшай прыбытковасцю. Гэта Jeep, Ram, Peugeot і Fiat.

Гэта відавочная змена стратэгіі ў параўнанні з падыходам папярэдняга кіраўніка Карласа Таварэса, які засяроджваўся на больш раўнамерным размеркаванні інвестыцый паміж усімі маркамі групы.

Stellantis застаецца адным з самых складаных аўтамабільных канцэрнаў у свеце, які ўключае ажно 14 аўтабрэндаў. Акрамя вялікіх глабальных марак, у яго таксама ўваходзяць меншыя брэнды, такія як Citroën, Opel і Alfa Romeo, вядомыя перш за ўсё ў Еўропе.

Новая стратэгія не прадугледжвае іх ліквідацыі: яны павінны засяродзіцца на рэгіянальных рынках і сегментах, дзе маюць устойлівыя пазіцыі і рэальны патэнцыял росту.

Змена стратэгіі не выпадковая. Актуальны Stellantis сутыкаецца з відавочнымі праблемамі ў Еўропе і ў Злучаных Штатах. Доля рынку скарачаецца, а канкурэнцыя, асабліва з боку кітайскіх вытворцаў, расце хутчэй, чым чакалася. Нягледзячы на тое, што некаторыя аналітыкі прапанавалі радыкальныя скарачэнні і закрыццё слабейшых брэндаў, напрыклад, Lancia і Maserati, актуальнае кіраўніцтва пакуль не мае намеру ісці гэтым шляхам. Антоніа Філоза лічыць, што нават менш прыбытковыя брэнды могуць адыграць значную ролю ў будучыні, асабліва калі зменяцца рынкавыя ўмовы, паведамляе партал Elektromobilni.

вс