Глабальны аўтаканцэрн Stellantis, у склад якога ўваходзіць 14 брэндаў, рыхтуе адну з найбуйнейшых змен у стратэгіі з моманту стварэння ў 2021 годзе. Новы бізнес-план выразна фаварызуе чатыры маркі, паведамляе партал Elektromobilni.
Генеральны дырэктар канцэрну Антоніа Філоза, які яго ўзначаліў год таму, плануе сканцэнтраваць фінансаванне ў першую чаргу на брэндах з найбольшым глабальным значэннем і найвышэйшай прыбытковасцю. Гэта Jeep, Ram, Peugeot і Fiat.
Гэта відавочная змена стратэгіі ў параўнанні з падыходам папярэдняга кіраўніка Карласа Таварэса, які засяроджваўся на больш раўнамерным размеркаванні інвестыцый паміж усімі маркамі групы.
Stellantis застаецца адным з самых складаных аўтамабільных канцэрнаў у свеце, які ўключае ажно 14 аўтабрэндаў. Акрамя вялікіх глабальных марак, у яго таксама ўваходзяць меншыя брэнды, такія як Citroën, Opel і Alfa Romeo, вядомыя перш за ўсё ў Еўропе.
Новая стратэгія не прадугледжвае іх ліквідацыі: яны павінны засяродзіцца на рэгіянальных рынках і сегментах, дзе маюць устойлівыя пазіцыі і рэальны патэнцыял росту.
Змена стратэгіі не выпадковая. Актуальны Stellantis сутыкаецца з відавочнымі праблемамі ў Еўропе і ў Злучаных Штатах. Доля рынку скарачаецца, а канкурэнцыя, асабліва з боку кітайскіх вытворцаў, расце хутчэй, чым чакалася. Нягледзячы на тое, што некаторыя аналітыкі прапанавалі радыкальныя скарачэнні і закрыццё слабейшых брэндаў, напрыклад, Lancia і Maserati, актуальнае кіраўніцтва пакуль не мае намеру ісці гэтым шляхам. Антоніа Філоза лічыць, што нават менш прыбытковыя брэнды могуць адыграць значную ролю ў будучыні, асабліва калі зменяцца рынкавыя ўмовы, паведамляе партал Elektromobilni.
вс