Беларуская Служба

Якую пагрозу для Польшчы нясуць тарыфы Трампа

05.05.2026 12:59
Дональд Трамп пагражаў павысіць тарыфы, бо, на яго думку, Еўрапейскі Саюз не выконвае гандлёвага пагаднення.
АўтасалонStudio Romantic/Shutterstock

Дональд Трамп вырашыў нанесці чарговы ўдар па еўрапейскай прамысловасці. Эксперты папярэджваюць пра катастрафічныя наступствы для еўрапейскага рынку працы і эканамічнага росту. Прэзідэнт ЗША пагражаў павысіць тарыфы на аўтамабілі, імпартаваныя з Еўрапейскага Саюза, да 25 працэнтаў. Моніка Куртэк, галоўны эканаміст Bank Pocztowy, заявіла, што гэта будзе моцны ўдар па значнай частцы еўрапейскай прамысловасці.

– Аўтамабільная прамысловасць дагэтуль з'яўляецца вельмі важнай і магутнай галіной еўрапейскай эканомікі, у прыватнасці, нямецкай гаспадаркі. Адзначым – гэта найбуйнейшая эканоміка ў Еўропе. Гэты ўдар, нанесены ў час узмацнення канкурэнцыі з боку Кітая, можа аказацца вырашальным для гэтай прамысловай галіны.

Моніка Куртэк дадала, што негатыўныя наступствы павышэння тарыфаў таксама закрануць польскую прамысловасць.

– Польшча моцна прывязаная да нямецкай эканомікі, у прыватнасці нямецкая аўтапрамысловасць у вялікай ступені базуецца  на польскай вытворчасці. У Польшчы працуюць многія заводы, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў Нямеччыну. Скарачэнне вытворчасці ў Нямеччыне неадкладна негатыўным чынам адабʼецца на польскай аўтамабільнай вытворчасці.

Згодна з пагадненнем, дасягнутым у мінулым годзе паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі  і Еўрапейскім Саюзам, тарыфы на аўтамабілі, якія пастаўляюцца за акіян,  устаноўлены на ўзроўні 15 працэнтаў. Аднак пасля рашэння Вярхоўнага суда ЗША тарыф быў зніжаны да 10 працэнтаў, і гэтая стаўка будзе дзейнічаць да ліпеня гэтага года.

IAR/яс

 


Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі