У Польшчу маглі незаконна завезці ад 7 да 10 тысяч беларускіх трактароў МТЗ, якія не мелі еўрапейскай амалагацыі (працэс сертыфікацыі транспартнага сродку) і не адпавядалі экалагічным нормам Еўрасаюза. Пра гэта паведамляе TVP Info у расследаванні пра заняпад легендарнага польскага машынабудаўнічага брэнду Ursus.
Паводле журналіста Марыюша Сепёлы, агульны кошт такой тэхнікі мог скласці каля 2 млрд злотых (470 млн еўра). Паводле аўтараў журналісцкага расследавання, нелегальны імпарт мог стаць адной з прычын банкруцтва некалькіх польскіх вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі — Ursus, Farmer, Crystal і Ślązak.
Былы кіраўнік Ursus Караль Зарайчык адкрыта назваў сітуацыю прыкладам нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку Беларусі. У сакавіку 2025 года падчас пасяджэння парламенцкай камісіі ён казаў пра «відавочныя сістэмныя дзеянні».
— Беларускія трактары, якія не адпавядалі ніводным еўрапейскім стандартам, рэгістраваліся на адзін дзень у Беларусі, пасля чаго ўвозіліся ў Польшчу як ужываныя і перарэгістроўваліся толькі ў двух-трох паветах, — заявіў Зарайчык.
Паводле TVP Info, пра праблему польскія ўлады ведалі як мінімум з 2020 года. Тады адзін з прадпрымальнікаў правёў кантрольную закупку і паведаміў пра гэта ў Транспартны тэхнічны нагляд. Пазней інфармацыя трапіла ў пракуратуру. Журналісты сцвярджаюць, што пра схему ведалі дзясяткі дзяржаўных структур, у тым ліку Міністэрства інфраструктуры Польшчы.
У 2023 годзе МТЗ трапіў пад санкцыі ЕС, аднак беларускую тэхніку ўсё яшчэ можна купіць у Польшчы.
Пасля банкруцтва ў 2024 годзе завод Ursus у Любліне за 74 млн злотых (17,5 млн еўра) набыла ўкраінская кампанія M.I. Crow. Новы ўласнік абяцае аднавіць вытворчасць трактароў і вярнуць брэнд на рынак.
эж