Польская транспартная галіна перажывае адзін з найцяжэйшых перыядаў за апошнія гады. Як паведамляе газета «Rzeczpospolita», толькі ў першым квартале 2026 года дзейнасць спынілі 1234 транспартныя кампаніі — амаль столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год.
У Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў Польшчы адзначаюць, што сітуацыя ў галіне працягвае пагаршацца. Калі раней асноўнай праблемай была вайна ва Украіне, то цяпер моцны ўдар па рынку наносіць нестабільнасць на Блізкім Усходзе і запаволенне еўрапейскай эканомікі.
Эксперты папярэджваюць: попыт на транспартныя паслугі ў Еўропе падае, а на рынку ўзнікла празмерная колькасць перавозчыкаў. У выніку кампаніі вымушаныя жорстка змагацца за кантракты і зніжаць цэны.
Паводле прадстаўнікоў бізнесу, многія фірмы ўжо скарачаюць свае аўтапаркі. Частка перавозчыкаў працуе амаль без прыбытку — галоўнае, каб грузавікі не прастойвалі без працы.
Польскія кампаніі шмат гадоў былі аднымі з лідараў аўтамабільных перавозак у Еўрапейскім Саюзе. Аднак рост выдаткаў, міжнародныя крызісы і падзенне попыту ўсё мацней б’юць па гэтай галіне, якая лічыцца адной з ключавых для польскай эканомікі.
эж