450 мільёнаў злотых (больш за 106 мільёнаў еўра) з еўрапейскіх фондаў прызначыць Польшча на экалагічныя інвестыцыі, якія ўмацоўваюць бяспеку на ўсходняй мяжы краіны. Гэта частка экалагічнага кампанента праграмы «Усходні шчыт». Заяўкі можна будзе падаваць з пятніцы, 29 траўня.
Адна з мэтаў такіх інвестыцый — затрыманне вады ў рэгіёне шляхам стварэння натуральных перашкод, кажа міністр клімату і навакольнага асяроддзя Паўліна Хеніг-Клёска(Paulina Hennig-Kloska).
— Перш за ўсё, гаворка ідзе пра ваду, якую можна сабраць падчас адлігі і ранняй вясной ды максімальна доўгі час затрымаць яе ў згаданай зоне. То бок, гэта праекты, накіраваныя на аднаўленне і ўтрыманне водных рэсурсаў — балотаў, тарфянікаў і г.д. У цяперашніх умовах гэта патрабуе ўмяшальніцтва чалавека, шляхам будаўніцтва адмысловай інфраструктуры, — кажа Паўліна Хеніг-Клёска.
Паблізу мяжы будуць створаны дзве ахоўныя зоны, каб перашкодзіць руху замежных войскаў. На тэрыторыі, прыкладна ў 100 тысяч гектараў леснікі ўстрымаюцца ад высечкі дрэў і будуць пакідаць паваленыя пні, якія паспрыяюць утрыманню вады і будуць блакаваць дарогі.
Акрамя таго, у паласе да 50 кіламетраў ад мяжы, у лясах будуць пасаджаны дадатковыя дрэвы, каб ускладніць рух цяжкай ваеннай тэхнікі і груп жаўнераў.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык(Cezary Tomczyk) дадае, што гэтыя інвестыцыі маюць вырашальнае значэнне для ўмацавання абароны Польшчы.
— 450 мільёнаў злотых, якія будуць выдаткаваныя на стварэнне зоны спецыяльных аперацый у непасрэднай блізкасці ад мяжы, маюць ключавое значэнне з пункту гледжання польскай арміі. Гэта перашкоды ў доступе, ускладненне мабільнасці — адны з фундаментаў «Усходняга шчыта». Падобныя дзеянні цяпер ажыццяўляюцца ў Латвіі, Літве, Фінляндыі, досведам якіх мы карыстаемся, — кажа Цэзары Томчык.
У конкурсе на рэалізацыю згаданых праектаў могуць удзельнічаць мясцовыя органы ўлады, нацыянальныя паркі, няўрадавыя арганізацыі і г.д.
IAR/аз