Беларуская Служба

Палякі станоўча ацэньваюць прысутнасць замежнікаў на польскім рынку працы

26.05.2026 18:10
Колькасць іншаземцаў у Польшчы ацэньваецца прыкладна ў 2-2,5 мільёна чалавек.
.
Ілюстрацыя.Фота: Glow Images

У 2025 годзе замежнікі, якія працуюць і жывуць у Польшчы, павялічылі валавы ўнутраны прадукт (ВУП) краіны ад 200 да 416 мільярдаў злотых, або ад 5,1% да 10,7%, гаворыцца ў дакладзе «Міграцыя ў Польшчы», апублікаваным выданнем «Rzeczpospolita», аб чым піша «Businessinsider».

Сацыёлаг, старшыня Інстытута грамадскіх спраў Яцэк Кухарчык (Jacek Kucharczyk) заявіў, што даклад, падрыхтаваны Інстытутам сумесна з Deloitte і Ipsos, дэманструе важную ролю замежнікаў на польскім рынку працы.

У дакладзе колькасць іншаземцаў у Польшчы ацэньваецца прыкладна ў 2-2,5 мільёна чалавек. Тым часам дадзеныя Установы сацыяльнага страхавання (ZUS) паказваюць, што адсотак замежнікаў сярод працуючых асоб, застрахаваных у ZUS, павялічыўся амаль да 8%.

«У апошнія гады мігранты не толькі запоўнілі вакансіі ў польскіх кампаніях, але і кампенсавалі паскоранае скарачэнне колькасці мясцовых работнікаў, зарэгістраваных у ZUS, што з'яўляецца вынікам хуткага старэння польскага грамадства», — адзначаюць аўтары дакладу.

Апытанне Ipsos, праведзенае для дакладу, паказвае, што палякі ўсё часцей узаемадзейнічаюць з іншаземцамі і ў цэлым станоўча ацэньваюць іх прысутнасць. Больш за палову ўдзельнікаў апытання таксама лічаць, што мігранты запаўняюць кадравыя дэфіцыты і спрыяюць эканамічнаму росту, а 73% кажуць, што Польшча павінна быць адкрытай для людзей з іншых краін, якія прыўносяць свае навыкі, цяжкую працу і жаданне сумленна зарабляць.

нг